Назіральнікі Салігорска і Слуцка абвяргаюць інфармацыю пра стварэнне безбер'ернага асяродку для выбаршчыкаў
Дзяржаўныя СМІ рэгіёна заявілі пра наяўнасць камфортных умоваў для ўдзелу ў датэрміновым галасаванні людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Незалежныя назіральнікі гэтую інфармацыю катэгарычна абвяргаюць.
На гэтым тыдні Салігорскі тэлеканал пусціў у эфір адмысловы сюжэт, у якім даводзіць гледачам аб зручным безб’ар’ерным асяродку і іншых камфортных умовах для выбаршчыкаў, фізічныя магчымасці якіх з розных прычынаў з’яўляюцца абмежаванымі. Сюжэт СТК і сітуацыю агулам каментуе праваабаронца і незалежны назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Мархотка:
- Так, дадзеная ў сюжэце інфармацыя часткова адпавядае рэчаіснасці. На ўчастках насамрэч ёсць павелічальныя лупы і адмысловя трафарэты для асоб з кепскім зрокам, але інфармацыя пра камфортныя ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і безбар’ерны асяродак на большасці выбарчых участкаў Салігоршчыны мякка кажучы не адпавядае рэчаіснасці, - кажа праваабаронца. - Мы ўжо шмат гадоў маніторым сітуацыю з безбар’ернасцю ў рэгіёне. На відэа СТК прадэманстравана адзіная навучальная ўстанова ў рэгіёне, абсталяванатая ў гэтым сэнсе найбольш адэкватна. У астатніх школах ды каледжах такога і блізка няма, а менавіта там знаходзяцца ў сваёй большасці выбарчыя ўчасткі. Пытанне вырашаецца праз часовыя і часам даволі насамрэч прыніжальныя для асобы адміністрацыйныя “кастылі”, кшталту наяўнасці на ўчастку валанцёраў, якія дамагаюць занесці вазок з інвалідам на другі паверх будынку, бо вельмі часта ўчасткі знаходзяцца менавіта там. Альбо пытанне вырашаецца праз тыя ж галасаванні па месцы жыхарства, але датэрмінова ў такім выпадку чалавек прагаласаваць не зможа. Ёсць яшчэ варыянт сацыяльнага таксі, наяўнасць якога толькі падкрэслівае праблему немагчымасці перасоўвання па горадзе чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі на роўні з людзьмі без такіх абмежаванняў.
Наяўнасць аналагічных праблем пацвярджаюць і незалежныя назіральнікі са Слуцка. Мясцовы правабаронца Віталь Амяльковіч сцвярджае, што калі не ўсе, дык абсалютная большасць участкаў для галасавання ў рэгіёне з’яўляюцца недасяжнымі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі праз адсутнасць адпаведнага безбар’ернага асяродку. Больш за тое, назіральнік са слуцкага ўчастку №29 Юры Мяцельскі адзначае, што такія выбаршчыкі, прынамсі на яго ўчастку, практычна пазбаўлены свайго права прагаласаваць датэрмінова, бо ўчастак для галасавання знаходзіцца на другім паверсе. Прадугледжаныя ж матадычнымі парадамі ЦВК на гэты выпадак валанцёры, па словах старшыні камісіі Святланы Жукоўскай, будуць толькі ў асноўны дзень галасавання.