Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Мінінфармацыі прызнала няправільным паведамленне ў газеце «Веснік Магілёва» аб фармаванні ўчастковых камісій

Выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара і адказны сакратар газеты «Веснік Магілёва» прызнаны вінаватымі ў парушэннях пры выпуску нумара, дзе змешчана інфармацыя аб фармаванні ўчастковых камісій.

3 жніўня ў Міністэрства інфармацыі звярнуўся магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель са скаргай на газету Магілёўскага гарвыканкама. «У газеце «Веснік Магілёва” за 27.07.2016 г. на першай паласе апублікаваны матэрыял без подпісу пад назвай «Участковыя выбарчыя камісіі сфармаваныя». Гэтая назва, сфармуляваная ў прошлым часе, на момант выхаду з друку газеты не адпавядала рэчаіснасці, падзагалоўку і зместу самога артыкулу. Па-першае, пра тое, што ўсе, у тым ліку і Магілёўскія ўчастковыя выбарчыя камісіі сфармаваныя, ніхто з супрацоўнікаў газеты і яе кіраўніцтва да 08-00 гадзін 27.07.2016 г. яшчэ не маглі ведаць, бо газета, як паказана ў яе выходных дадзеных, была падпісана ў друк у 18.00 гадзін, мяркую, 26.07.2016 г., бо не ўказана дата падпісання», - паведамляў у сваёй скарзе Бухель, адзначаючы, што «друкаваўся "Веснік Магілёва" за 27.07.2016 г. у ноч з 26 на 27 ліпеня, а пасяджэнні абедзвюх раённых адміністрацый г. Магілёва адбыліся ў першай палове дня 27.07.2016 г».

«Па-другое, у тэксце гаворка ідзе не аб фармаванні ўчастковых камісій, а толькі аб заканчэнні 24.07.2016 г. кампаніі па вылучэнні ў сябры УВК і яе выніках. І ў падзагалоўку менавіта пра гэта таксама пазначана: «24 ліпеня завяршылася вылучэнне кандыдатур у склад участковых выбарчых камісій», - указваў праваабаронца.

Акрамя таго, Барыс Бухель звярнуў увагу Міністэрства інфармацыі на парушэнні пры ўказанні выходных дадзеных выдання. Ён прасіў, у прыватнасці, за дапушчаныя парушэнні і праяўлены непрафесіяналізм вынесці папярэджанне рэдакцыі газеты "Веснік Магілёва", а вінаватых прыцягнуць да адказнасці.

Міністэрства інфармацыі на працягу месяца правярала звесткі, выкладзеныя ў скарзе, і пагадзілася з довадамі заяўніка. «У ходзе праверкі ўстаноўлена, што ў інфармацыі газеты «Веснік Магілёва» пад загалоўкам «Участковыя камісіі сфармаваныя» у газеце №30 ад 27.07.2016 вялася гаворка аб вылучэнні ў склад участковых выбарчых камісій і аб завяршэнні іх фармавання не пазней 27 ліпеня. Аўтар матэрыялу - намеснік галоўнага рэдактара газеты Раманаў Ю.А. падрыхтаваў гэтую інфармацыю на аснове паведамленняў інфармацыйных агенцтваў «Белта» і «Інтэрфакс». Інфармацыя была азаглаўлена «Участковыя камісіі будуць сфармаваны», аднак у працэсе падрыхтоўкі матэрыялу ў друк у ходзе камп’ютарнай вёрсткі паласы газеты адбыўся тэхнічны збой і слова «будуць» з загалоўка было выдалена.

У выходных звестках пазначанага нумара газеты не былі ўказаны прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку галоўнага рэдактара (рэдактара)», - паведамляеца ў адказе Бухелю, падпісаным намеснікам міністра інфармацыі Уладзімірам Матусевічам.

Вінаватымі ў дапушчаных парушэннях прызнаны Юрый Раманаў, які выконваў абавязкі галоўнага рэдактара, і адказны сакратар газеты Ала Аршаўскай. Ім абвешчаны заўвагі, і яны будуць пазбаўлены прэміяльнага ўзнагароджання, паведаміў Матусевіч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары