Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Брэсце назіральнікі фіксуюць наяўнасць агітацыйных матэрыялаў непасрэдна на выбарчых участках

Брэст. Старшыня ўчастковай камісіі здымае вывешаны ім жа агітацыйны плакат у памяшканні для галасавання.
Брэст. Старшыня ўчастковай камісіі здымае вывешаны ім жа агітацыйны плакат у памяшканні для галасавання.

У прыватнасці, такі факт быў заважаны на ўчастку для галасавання №4 Брэсцкай-Усходняй выбарчай акругі №3, які знаходзіцца ў будынку сярэдняй школы №23 Брэста.  Участковая выбарчая камісія тут складаецца ў асноўным з настаўнікаў гэтай установы адукацыі.

Перадвыбарчы плакат у падтрымку кандыдата ў дэпутаты Анатоля Дашко, які працуе галоўным лекарам Брэсцкага радзільнага дому, непасрэдна ў памяшканні, дзе ідзе датэрміновае галасаванне,  вывесіў старшыня выбаркаму.

Незалежныя назіральнікі звярнулі яго ўвагу, што гэта ёсць парушэннем выбарчага заканадаўства, але ў адказ пачулі, што такая агітацыя – цалкам нармальная з’ява і прыцягвае выбаршчыкаў для ўдзелу ў галасаванні. Пасля непрацяглай дыскусіі старшыня ўчастковай камісіі ўсё ж прыбраў агітацыйны плакат праўладнага прэтэндэнта з памяшкання.

Згодна з Метадычнымі рэкамендацыямі ЦВК для ўчастковых камісій, агітацыйныя друкаваныя матэрыялы да дня выбараў могуць размяшчацца ў памяшканнні ўчастковай камісіі, падчас датэрміновага галасавання агітацыйныя друкаваныя матэрыялы не павінны знаходзіцца ў тым памяшканні (пакоі), дзе праводзіцца датэрміновае галасаванне.

Таксама назіральнікі даведаліся, што ў гэтай школе ўжо некалькі дзён, калі адбываецца датэрміновае галасаванне, ладзяцца бацькоўскія сходы ў розных класах. Пасля іх заканчэння бацькоў настойліва запрашаюць наведаць выбарчы ўчастак і прагаласаваць датэрмінова.    

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары