Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: прыпіскі ў пратаколах камісіі тлумачаць "тэхнічнымі памылкамі"

Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра вялікія лічбы, якія сябры камісіі "дамалёўваюць" у выніковых пратаколах.

Некалькі назіральнікаў падалі з гэтай нагоды скаргі старшыням участковых камісій, і ўжо атрымалі выбачэнні і тлумачэнні.

Анастасія Мядзведзева, давераная асоба кандыдаткі Таццяны Гутравай назірае на выбарчым участку № 14. За 8 верасня яна налічыла 37 чалавек, што прагаласавалі, але ў пратколе ўбачыла лічбу 157 чалавек. Назіральніца пацікавілася, ці з'яўляецца гэтая лічба вынікам сумавання ўсіх дзён галасавання, і атрымала адказ, што гэта лічба аднаго дня.

Анастасія Мядзведзева склала скаргу на імя старшыні ўчастковай камісіі №14, і сёння раніцай атрымала адказ, што ўчорашняя лічба - "тэхнічная памылка". Пратакол назіральніцы пааябяцалі перарабіць, але выніковая лічба зноў не супала з падлікамі Мядзведзевай.

Каардынатарка кампаніі "Права выбару" Алена Мядзведзева кажа, што адказ пра "тэхнічную памылку" атрымалі таксама назіральнікі з участку №32 у пасёлку Туголіца (Сельская акруга).

-Нейкае дзіўнае супадзенне, што ў адзін дзень у многіх сябраў камісій павылазілі гэтыя "тэхнічныя памылкі", - кажа Алена Мядзведзева.

Найбольш мясцовых назіральнікаў здзіўляе, як могуць так часта памыляцца настолькі вопытныя сябры камісій. Бо, як вядома, склад акруговых і участковых камісій практычна не змяняецца ад выбараў да выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары