Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Жодзіне абодвум кандыдатам вынесены папярэджанні

Жодзіна. Паседжанне акруговай камісіі. Фота А.Лапіцкага
Жодзіна. Паседжанне акруговай камісіі. Фота А.Лапіцкага

Акруговая камісія Жодзінскай выбарчай акругі №64 на сваім паседжанні 8 верасня вынесла папярэджанні абодвум кандыдатам у дэпутаты -- Дзмітрыю Заблоцкаму (ААТ “БелАЗ) і Аляксандру Гурыненку (ААТ “Світанак”), паведамляе сайт licviny.info

На паседжанні прысутнічалі 12 сябраў камісіі і 3 назіральнікі. Ні запрошаныя на паседжаньне кандыдаты, ні іх давераныя асобы не з’явіліся.

Старшыня камісіі Сяргей Афанасенкаў распавёў прысутным пра зварот назіральніка ад БХК Аляксея Лапіцкага наконт неадпаведнасці выходных дадзеных на друкаваных агітацыйных матэрыялах абодвух кандыдатаў, пра праверку камісіяй законнасці ўсяго працэсу замовы і вырабу імі агітматэрыялаў на барысаўскай фабрыцы, а таксама пра кансультацыі камсіі з ЦВК і адпаведную рэакцыю Лідзіі Ярмошынай на адзначаныя факты.

Кіраўніцтва Жодзінскай АВК №64 патлумачыла сваю пазіцыю: яно лічыць агітматэрыялы кандыдатаў “не ананімнымі”, бо ў барысаўскай друкарні пацвердзілі факты заключэння дамоваў кандыдатамі і перадаплату з уласных выбарчых фондаў. Па меркаванні камісіі, гэта даказвае, што па дадзеных падставах Выбарчы кодэкс не парушаны, і матэрыялы вымаць не трэба. Разам з тым, маюцца і відавочныя парушэнні ч.12, арт.45 ВК у частцы абавязковага пазначэння на агітматэрыялах адпаведных поўных выходных дадзеных.

У выніку галасвання за вынясенне папярэджанняў абодвум кандыдатам прагаласавалі 11 з 12 прысутных сябраў камісіі. Супраць прагаласваў Аляксандар Валчанін, які патлумачыў сваю пазіцыю тым, што кандыдаты ні ў чым не вінаватыя, бо адсутнасць патрабуемых Выбарчым кодэксам выходных дадзеных на агітацынай прадукцыі - віна самой барысаўскай фабрыкі.

Назіральнік Аляксей Лапіцкі пры гэтым адзначае, што ў агітацыйнай прадукцыі розных кандыдатаў, якая выраблялася на той жа барысаўскай фабрыцы маюцца розныя выходныя дадзеныя: у адных кандыдатаў (Н.Красоўская) - з парушэннямі патрабаванняў заканадаўства, абсалютна ідэнтычна з жодзінскімі, а ў іншых (у маладога кандыдата ад ЛДП, напрыклад) - без парушэнняў.

- Гэта паказвае, што на на макеце і ў выніку на раздрукаванай агітпрадукцыі кандыдатаў будзе знаходзіцца і пазначана толькі тое, што яны як адзіныя паўнамоцныя замоўцы сваіх агітацыйных матэрыялаў прадставілі друкарні, - пракаментаваў праваабаронца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары