Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Глуск: сяброў камісіі не навучылі, як правільна запаўняць пратаколы падчас датэрміновага галасавання

Галасаванне на ўчастку №2 у Глуску.
Галасаванне на ўчастку №2 у Глуску.

Назіральнік БХК на Глускам выбарчым участку №2 Ігар Кірын вымушаны падказваць участковай выбарчай камісіі, як правільна запаўняць пратаколы датэрміновага галасавання.

Па словах Ігара Кірына, вечарам 7 верасня ён заўважыў, «што старшыня ўчастковай камісіі Васіль Мікалаевіч Беразоўскі памыліўся, і ўказаў у пратаколе сумарную колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў за 2 дні: 31 + 68 = 99, замест таго, каб указаць колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў толькі за сённяшні дзень - 68».

Ігар Кірын кажа, што працяг гісторыі быў ужо 8 верасня. Назіральнік спытаў, колькі ўчора прагаласавала выбаршчыкаў. В.М. Беразоўскі адказаў, што 68. Тады Кірын спытаў, чаму ў пратаколе пазначана іншая лічба. Старшыня камісіі адказаў, што гэта сума за два дні. Назіральнік патлумачыў, што ён памыліўся, таму што сумарную колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў за ўсе дні трэба паказваць толькі ў пратаколе за апошні, пяты дзень датэрміновага галасавання, а да таго - колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў за бягучы дзень. Беразоўскі закрычаў: «Ізноў няправільна!». Праз некаторы час ён зняў са стэнда ўчорашні пратакол, а потым вывесіў замест яго новы, у якім замест лічбы «99» стаяла лічба «68». Новы варыянт быў падпісаны В.М. Беразоўскім і В.У. Голуб”.

Ігара Кірын адзначае, што В.У. Голуб - член камісіі, якая дзяжурыла на ўчастку 8 верасня. 7 верасня яе не было. Таму, у прынцыпе, В.У. Голуб наогул не мела права падпісваць гэты пратакол. Але, тым не менш, падпісала ...

Між тым, у бланку кожнага пратакола аб датэрміновым галасаванні пазначана, што “…Указваецца колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні па стану на 19 гадзін кожнага дня датэрміновага галасавання, а ў апошні дзень датэрміновага галасавання - агульны колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні за ўвесь перыяд датэрміновага галасавання".

6 верасня пасля першага дня датэрміновага галасавання старшыня ўчастковай выбарчай камісіі В. Беразоўскі вывесіў копію пратакола аб датэрміновым назіранні толькі пасля напаміну Ігара Кірына.

Нагадаем, што навучальныя трэнінгі па выбарах праводзіліся для кіраўнікоў усіх участковых выбарчых камісій Магілёўскай вобласці.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары