Светлагорск: дворнікі -- супраць незалежнага кандыдата ў дэпутаты
Кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай акрузе Юрый Ляшэнка 8 верасня звярнуўся ў міліцыю з заявай наконт масавага знішчэння яго агітацыйнай прадукцыі на прыпынках грамадскага транспарту, адмысловых дошках, стэндах і ў іншых месцах, дазволеных для размяшчэння агітацыі. «Здзіўляе хуткасць, з якой знікаюць мае агітацыйныя матэрыялы! Не паспяваюць мае давераныя асобы размясціць улёткі – як праз якія паўгадзіны ў мікрараёне няма ўжо нідзе ніводнай улёткі! Як выдатна працуюць у нас дворнікі, якія «змагаюцца» з маёй агітацыяй. Прычым агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку дзейснай дэпутаткі, якая зноў балатуецца ў парламент, Галіны Філіповіч ніхто не рве, не чапае, ні знішчае», - распавёў Юрый Ляшэнка.
Ён накіраваў скаргу ў ЦВК, а таксама заяву ў міліцыю, прычым паўторную. На аналагічную заяву, напісаную ў міліцыю раней, адказ быў такі – правапарушэння не зафіксавана.