Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: колькасць “выбаршчыкаў-невідзімак” на асобных участках зашкальвае

Пратакол па выніках галасавання за 2 дні. Бабруйск, участак №23 Ленінскай акругі.
Пратакол па выніках галасавання за 2 дні. Бабруйск, участак №23 Ленінскай акругі.

Незалежныя назіральнікі паведамляюць пра два выпадкі, калі на выбарчых участках у выніковыя пратаколы сябры камісій уносілі надта завышаныя лічбы.

На выбарчым участку № 37 метамарфозы пачаліся яшчэ ў першы дзень датэрміновага галасавання. Тады незалежныя назіральнікі налічылі 13 чалавек, якія апусцілі бюлетэні ў скрыні. Але ў выніковым пратаколе было пазначана, што ў гэты дзень сябрамі камісіі выбаршчыкам было выдадзена 72 бюлетэня.

У другі дзень галасавання на гэтым жа ўчастку назіральнікі налічылі 26 чалавек, што прагаласавалі. Сябры камісіі пазначылі ў пратаколе, што іх было 120.

Участак №37 размешчаны ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, і знаходзіцца ў межах Ленінскай акругі.

На выбарчым участку №23 (Ленінская акруга) сябры камісіі пайшлі яшчэ далей. Назіральнікі налічылі тут у другі дзень галасавання 19 чалавек, якія прагаласавалі, але ў выніковым пратаколе ўбачылі лічбу 208, якую смела "намалявалі" сябры камісіі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары