Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск, Баранавічы, Салігорск: правядзеннем бацькоўскіх сходаў забяспечваецца яўка на датэрміновае галасаванне

Баранавічы. Бацькоўскі сход падчас датэрміновага галасавання. СШ №21
Баранавічы. Бацькоўскі сход падчас датэрміновага галасавання. СШ №21

Бабруйск

Незалежныя назіральнікі паведамляюць, што ў бабруйскіх школах і гімназіях ужо пачалі праводзіцца бацькоўскія сходы, на якіх настойліва прапануюць прагаласаваць.

Так было, напрыклад, у гімназіі №2 (у будынку гімназіі размешчаны выбарчы ўчастак №4 Ленінскай акругі). 7-га верасня тут збіралі бацькоў вучняў малодшых класаў, на 8-е верасня запланаваныя сходы з удзелам бацькоў вучняў старэйшых класаў.

А бацькоўскі сход у гімназіі №3 наведала першая сакратарка бабруйскага БРСМ і яна ж - давераная асоба кандыдаткі Ірыны Рынейскай (начальніцы упраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкаму). У сваім выступе Вера Шырокая заклікала бацькоў не быць апалітычнымі і галасаваць. Таксама яна адзначыла, што не заклікае нікога падтрымліваць Рынейскую, але лічыць яе годным чалавекам.

У школе №9 таксама прайшлі сходы. Пра выбары там казалі няшмат, нібыта паміж іншым. Але так жа ненавязліва раілі звярнуць увагу на Ірыну Рынейскую, і характарызавалі яе як добрую і прынцыповую кандыдатку.

8 і 9 верасня падобныя сходы будуць праходзіць і ў іншых бабруйскіх школах і гімназіях.

Баранавічы

У сярэдняй школе № 21, дзе ў першы дзень датэрміновага галасавання праводзіўся агульнашкольны бацькоўскі сход і выступала кандыдат у дэпутаты Вольга Палітыка, і на другі дзень датэрміновага галасавання таксама адбыўся сход бацькоў – ужо 1-3 класаў. На 8 верасня запланаваны сход бацькоў 4-6 класаў і так – да канца тыдня. А ў нядзелю ў гэтай актавай зале адбудзецца для бацькоў святочны канцэрт. 

7 верасня адбыліся бацькоўскія сходы амаль па ўсіх школах Баранавічаў. На сходах у сярэдняй школе №15 і гімназіі зноў адбыліся выступы кандыдаткі Вольгі Палітыка.

Баранавічы. Абвестка пра правядзенне бацькоўскага сходу.

Салігорск

Назіральнік, прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Леанід Мархотка, паведаміў пра правядзенне бацькоўскіх сходаў у навучальных установах горада, дзе размешчаны ўчасткі для галасавання:

- Напрыклад, у салігорскай школе №1 знаходзіцца адразу чатыры ўчасткі для галасавання. Дзіўным чынам акурат у гэтыя дні адміністрацыя школы, супрацоўнікі якой між іншым прымаюць актыўны ўдзел у выбарах у якасці сябраў учасктовых выбаркамаў, а дырэктарка школы нават узначальвае адзін з іх, ладзіць бацькоўскія сходы. Зразумела, калі ўжо чалавек прыйшоў у школу, а фактычна на выбарчы ўчастак, дык да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні пры настойлівых просьбах адміністрацыі адзін крок, - кажа спадар Мархотка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары