Мікалай Уласевіч абскарджвае ў судзе адмовы ў публікацыі і выпуску ў тэлеэфір передвыбарчай праграмы і выступу на тэлебачанні
7 верасня кандыдат у дэпутаты па Смаргонскай выбарчай акрузе №59 Мікалай Уласевіч звярнуўся ў суд Астравецкага раёна. У ёй ён патрабуе прызнаць неправамернымі дзеянні раённай газеты “Астравецкая праўда” і тэлерадыёкампаніі “Гродна”, якія адпаведна адмовілі ў публікацыі і выпуску ў тэлеэфір і радыёэфір ягонай перадвыбарчай праграмы і запісанага выступу ў якасці кандыдата.
Сваю заяву ён абгрунтоўвае парушэннем гэтымі дзяржаўнымі органамі шэрагу норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
“Астравецкая праўда” не надрукавала перадвыбарчую праграму кандыдата па той прычыне, што нібыта ў ёй змяшчалася неадпаведная рэчаіснасці інфармацыя адносна апанента ад улады Адама Кавалько пра яго злоўжыванні ўладай.
Выступ Уласевіча не быў выпушчаны ў эфір Гродзенскага абласнога тэлебачання з матывацый, што нібыта Уласевіч парушыў патрабаванні, якія змяшчаюцца ў частцы 1 артыкула 47 і частцы 1 артыкулу 75 Выбарчага кодэксу. Гэтыя артыкулы вызначаюць, што перадвыбарная праграма не павінна ўтрымліваць «прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, заклікаў, якія падахвочваюць або якія маюць на мэце заахвочванне да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асоб Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты».
Ціск кандыдат звязвае з актыўнай пазіцыяй супраць пабудовы Астравецкай атамнай станцыі, будаўніцтва якой Мікалай Уласевіч заклікае неадкладна спыніць з-за пастаянных аварый, гібелі людзей на будоўлі і негалоснасці вакол працэсу пабудовы. У сваёй выбарчай праграме кандыдат таксама кажа пра карупцыю, якая склалася ў рэгіёне і кіруецца з самага цэнтру. Як прыклад Уласевіч прыводзіць інфармацыю пра іншага кандыдата – вылучэнца ўлады Адама Кавалько, у дачыненні да якога маюцца адмоўныя матэрыялы праверкі праваахоўчых ораганаў па раскрыцці эканамічных злачынстваў, якім чамусьці не даецца законны ход.