Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Брэсцкай вобласці большасць сайтаў райвыканкамаў паведамляе выключна пра агітацыю за праўладных кандыдатаў

Сайт Пружанскага раёна. Раздзел "Выбары"
Сайт Пружанскага раёна. Раздзел "Выбары"

З пачаткам датэрміновага галасавання ў адмысловых рубрыках “Выбары-2016” на інтэрнэтах-старонках органаў выканаўчай улады ў Брэсцкім рэгіёне значна павялічылася колькасць паведамленняў, але тычацца яны ў асноўным прэтэндэнтаў, што карыстаюцца падтрымкай уладаў.      

Так, сайт Баранавіцкага райвыканкама інфармуе ў падаўляючай большасці пра сустрэчы кандыдата ў дэпутаты па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе №7 Леаніда Цупрыка, які зараз займае пасаду намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама. На працягу апошняга часу гэты кандыдат і яго давераныя асобы ладзілі сустрэчы у ААТ  “СталовічыАгра” і з жыхарамі мясцовага аграгарадка, у Гарадзішчанскай сярэдняй школе, у Жамчужынскім сельскім Доме культуры ды ў іншых вёсках раёна. Ці сустракаюцца з выбаршчыкамі іншыя кандыдаты па гэтай акрузе (тут зарэгістравана тры кандыдаты ў дэпутаты), сайт райвыканкама не паведамляе.

Аналагічным чынам асвятляе агітацыйны этап парламенцкіх выбараў сайт Брэсцкага райвыканкама, дзе перавага аддаецца паведамленням пра сустрэчы цяперашняга дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Базанава. У дадатак мясцовая дзяржаўнай раённая газета “Заря над Бугом” надрукавала матэрыял з красамоўным загалоўкам “В “дефиците” – активность кандидатов”, дзе канстатуе, што  іншыя вылучэнцы фактычна не вядуць аітацыйную кампанію.

У Бярозаўскай акрузе №9, у якую ўваходзіць і тэрыторыя Пружанскага раёна, зарэгістравана шэсць кандыдатаў у дэпутаты, аднак сайт Пружанскага райвыканкама паведамляе толькі пра агітацыйныя мерапрыемствы, што ладзіць галоўны інжынер ААТ “Бярозаўскі сырадзельны камбінат” Леанід Качына і яго давераныя асобы. Так, за апошнія дні з’явіліся абвесткі пра сустрэчы гэтага кандыдата ў Пружанскім гарадскім палацы культуры, у вёсках Шэні, Лінава, Слабудка, Шэрашова, Шчорчава, Навасёлкі, Хорава, Белавусаўшчына, Роўбіцк, Мурава. Чым у гэты час займаюцца канкурэнты гэтага вылучэнца ў Палату прадстаўнікаў, даведацца з афіцыйных крыніцаў немагчыма.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары