Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Праўладным назіральнікам прапануюць “стучаць” на прынцыповых

Незалежныя назіральнікі з Гомеля звярнулі ўвагу на дапаможнік для праўладных назіральнікаў, які выкарыстоўваецца ўпершыню на гэтых выбарах.

Так, агульная мэта ўнутранных назіральнікаў, паводле падручніка – садзейнічанне камісіі ў выкананні заканадаўства аб выбарах.

“Таму, калі хто-небудзь неабгрунтавана абвінаваціць камісію ў якіх-небудзь парушэннях, Вашыя тлумачэнні могуць дапамагчы вырашыць непаразуменне. У сувязі з гэтым рэкамендуецца адлюстроўваць у адпаведных справаздачах вынікі назірання”, - даводзіцца да ведама назіральнікаў у дапаможніку.

А ў дадатках прадстаўленыя тыпавыя заява і акт.

З аднага боку, у заяве прапануецца ўказаць, што “працэс галасавання быў арганізаваны і праведзены ў адпаведнасці з патрабаваннямі Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь” і папрасіць далучыць такую заяву і копію справаздачы да матэрыялаў міжнародных назіральнікаў.

З іншага боку, у акце аб парушэнні Выбарчага кодэкса ўнутранаму назіральніку рэкамендуецца “стукануць” на тых назіральнікаў, якія “часта падыходзілі да сталу выдачы бюлетэняў, высоўвалі ўчастковай камісіі прэтэнзіі і прапаноўвалі сваі рэкамендацыі”.

Такі акт павінен быць накіраваны ў пракуратуру горада і ў тэрытарыяльную выбарчую камісію.

Складанне заяваў і актаў вынесена таксама ў 10 асноўных патрабаванняў да ўнутраных назіральнікаў пад пунктам 9. А пад чацвёртым – “адкрытасць да дыялогу і пераканаўчасць з міжнароднымі назіральнікамі”.

Атрымоўваецца, што дзяржаўных назіральнікаў рыхтуюць не для таго, каб сачыць за аб’ектыўнасцю выбарчага працэса, а каб масава падаваць заявы міжнародным назіральнікам, што выбары праходзяць цудоўна, а таксама быць “зброяй” па пазбаўленню акрэдытацыі незалежных назіральнікаў і назіральнікаў ад апазіцыйных партый.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары