Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Эксперт БАЖ: “Дзяржаўныя СМІ хаваюць кандыдатаў ад выбаршчыкаў”

Эксперт БАЖ Алесь Анціпенка (фота ПЦ "Вясна")
Эксперт БАЖ Алесь Анціпенка (фота ПЦ "Вясна")

Беларуская асацыяцыя журналістаў 7 верасня прадставіла вынікі трэцяга этапу маніторынгу асвятлення парламенцкіх выбараў у беларускіх СМІ, які ахоплівае перыяд з 15 жніўня па 6 верасня.

У гэты час кандыдаты праводзілі агітацыйную кампанію і з’яўляліся галоўнымі дзеючымі асобамі выбарчага працэсу. Аднак, эксперты БАЖ адзначаюць, у дзяржаўных СМІ дамінантнымі суб’ектамі заставаліся Цэнтральная і іншыя выбарчыя камісіі. Прадстаўнікі гэтых камісій мелі найбольшы эфірны час параўнальна з усімі іншымі суб’ектамі маніторынгу.

Да таго ж дзяржаўныя медыя рэпрэзентавалі гэтыя камісіі як найбольш кампетэнтныя крыніцы інфармацыі стасоўна выбарчага працэсу.

“Неперсаніфікаваны кандыдат атрымаў толькі 26% плошчы на інтэрнэт-рэсурсе БелТА параўнальна з усімі іншымі суб’ектамі выбарчага працэсу. На гэтым этапе значна большую увагу надалі назіральнікам з краін СНД (12,4%) і з місіі БДІПЧ АБСЕ (8,1%), агулам – 20,5%. Яшчэ адзін важны суб’ект выбарчай кампаніі – выбаршчыкі, якія атрымалі амаль 4,5% плошчы ў параўнанні з іншымі“, - адзначае каардынатар маніторынгу Алесь Анціпенка.  

Палітычныя партыі ў дзяржаўных СМІ амаль не ўзгадваюцца і не называюцца, увага да іх вагаецца ў межах статыстычнай памылкі.

Эксперты БАЖ прыходзяць да высновы, што мадэль асвятлення выбарчай кампаніі ў дзяржаўных медыях арыентавана на тое, каб дыстанцаваць выбаршчыкаў ад удзелу ў выбарчым працэсе.

“Калі дзяржаўныя СМІ рэпрэзентуюць выбарчыя камісіі ў якасці галоўных актараў, то яны прапануюць нам інфармацыю, на падставе якой мы не можам зрабіць выбар на карысць каго мы будем  галасаваць у дзень выбараў. Выбаршчыкі застаюцца дастаткова неінфармаванымі, што не дазваляе зрабіць усвядомлены выбар падчас галасавання. Не адбываецца аніякага рэальнага сутэкнення палітычных ідэй, няма рэальнай палітычнай канкурэнцыі на старонках дзяржаўных газет, у тэле- і радыёэфіры. Людзі дыстанцаваныя ад таго, што адбываецца”, - заўважае Алесь Анціпенка.

Кандыдаты ў гэты перыяд мелі магчымасць выступіць на радыё і тэлебачанні, але як і раней у праграме не пазначана, хто, калі і што будзе казаць. Такую інфармацыю немагчыма знайсці не толькі ні на адным сайце дзяржаўных медый, але і на спецыяльна створанным сайце ЦВК. Цікава, што пад агульнай назвай “Выбары-2016” на тэлеканале Беларусь-3 трансляваліся не толькі выступы кандыдатаў, але і дэбаты.          

“Вось гэтая манера хаваць кандыдатаў ад выбаршчыкаў ёсць працяг той жа самай тэндэнцыі дэперсаніфікаванай рэпрэзентацыі галоўных дзеючых асобаў выбарчай кампаніі”, - падкрэслівае каардынатар маніторынгу.

У той жа час дзяржаўныя медыі поўніліся рознымі класіфікацыямі, якія маюць у сабе прыхаваныя падказкі за каго галасаваць. Так старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдька ў праграме “Галоўны эфір” сказаў: “Першая група – гэта такія, ведаеце, вопытныя люді: дырэктара школаў, прадпрыемстваў, вытворчасцяў. Яны ўпэўненыя ў сабе. Яны, як правіла, добра падрыхтаваліся да выступу, ведаюць, што робяць, навошта ідуць у парламент. І умеюць трымацца перад камерай”.

Эксперт БАЖ Сабіна Брыло адзначыла, што не змяніліся ні рыторыка, ні пасланні, якія нам агучваюць з экранаў тэлебачання:

“Так, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўжо не першы год кажа амаль адныя і тыя ж выразы: “Я думаю, мы праводзім выбары ўсё больш дасканала, яны становяцца больш цывілізаванымі”.

Акрамя таго, галоўным актарам з’яўляецца і дзейсны прэзідэнт: усё, што ён гаворыць, потым паўтараецца старшынямі ЦВК і АВК”.

У той жа час у недзяржаўных медыі, перш за ўсё гэта тычыцца TUT.by і газеты “Народная воля”, ідзе зусім іншая тэндэнцыя асвятлення выбараў: рэпрэзентуюцца як самі кандыдаты, так і іх палітычныя праграмы, а таксама палітычныя партыі, якія удзельнічаюць у выбарах.

Пад абстрактным суб’ектам “персаніфікаваны кандыдат” на графіку хаваюцца канкрэтныя прозвішчы кандыдатаў з іх поглядамі, інтэрв’ю з імі. Мінімізаваны дэперсаніфікаваныя суб’екты, напрыклад, палітычныя партыі.

“Галоўныя дзеючыя асобы рэпрэзентаваныя ў недзяржаўных СМІ як сапраўды галоўныя дзеючыя асобы”, - кажа Алесь Анціпенка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Вынікі першага этапу маніторынгу асвятлення парламенцкіх выбараў у беларускіх СМІ

Вынікі другога этапу маніторынгу асвятлення парламенцкіх выбараў у беларускіх СМІ


Каментары