Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебскай кандыдатцы ад АГП Ірыне Яскевіч вынеслі папярэджанне

Віцебск. Кандыдыт у дэпутаты Ірына Яскевіч.
Віцебск. Кандыдыт у дэпутаты Ірына Яскевіч.

Папярэджанне вынесла акруговая камісія Віцебскай акругі №20, якая прызнала факт парушэння кандыдаткай выбарчага заканадаўства – правядзенне агітацыйнага пікета ў неналежным месцы.  

Падставай для разбіральніцтва сталі матэрыялы праверкі, якую праводзіў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі. У тым ліку відэазапісы падзей 3 верасня калі крамы  “Еўраопт” на Маскоўскім праспекце і матэрыялы з сайта АГП, дзе быў размешчаны артыкул пра “пікет дзеля падтрымкі Ірыны Яскевіч”.

Ад ранку 7 верасня партыйны сайт недасяжны па тэхнічных прычынах, аднак супрацоўнікі міліцыі паспелі зрабіць раздрукоўкі  фотаздымкаў і тэкста, якія аналізаваліся на пасяджэнні камісіі. Сама кандыдатка не абвяргае, што яна з сябрамі ініцыятыўнай групы распаўсюджвала ўлёткі:
“Пікетам як такім гэта не было. І ўвогуле, я мяркую, цікаўнасць міліцыі была выклікана прыездам у Віцебск нашага старшыні Анатоля  Лябедзькі. Таму міліцыя ў цывільным суправаджала нас па ўсім горадзе, адсочвала нашы дзеянні, рабіла відэазапісы. І вось – усё скончылася папярэджаннем”.

Рапарт кіраўніку Кастрычніцкага РАУС напісаў  супрацоўнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Вяракса. Кандыдатку ў міліцыю не выклікалі, аднак праваабаронца Леанід Свецік не выключае, што ў гісторыі можа быць працяг у выглядзе адміністрацыйнай справы супраць Ірыны Яскевіч:

“Зараз акруговая камісія вынесла папярэджанне за тое, што агітацыйны пікет праводзіўся ў неналежным месцы. Адпаведна, з пункту гледжання міліцыі, гэта можна кваліфікаваць як несанкцыянаваную масавую акцыю, бо ніякага дазволу ў кандыдаткі і яе каманды не было… Я задумаўся над прагнозам паводле гэтых падзей, бо ў Віцебску ўжо быў прэцэдэнт, калі падзею, якая праводзілася ў межах выбарчай кампаніі, той самы супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Сяргей Вяракса кваліфікаваў як парушэнне адміністрацыйнага заканадаўства”.

Праваабаронца згадвае інцыдэнт са спевамі на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты Тацяны Севярынец, Алены Шабуня  і Георгія Станкевіча. Супраць усіх траіх распачатыя адміністрацыйныя справы за правядзенне несанкцыянаанага пікета. Бо, на думку міліцыі, падчас спеваў подпісы за вылучэнне яны не збіралі, і адпаведна, выбарчае заканадаўства ў дачыненні да іх ужо не дзейнічала…

На думку праваабаронцы Леаніда Свеціка, караць за спевы падчас пікетавання – гэта поўная бязглуздзіца. А што да сітуацыі з папярэджаннем Ірыны Яскевіч, то выснова наступная: існуючае выбарчае заканадаўства абмяжоўвае правы кандыдатаў падчас агітацыі, і гэта недапушчальна.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары