Баранавічы: сюрпрызаў не будзе – змест бюлетэняў нікому не пакажуць
Назіральнік Аляксандр Вайцешык накіраваў старшыні ўчастковай камісіі №21 Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі №5 прапанову аб адкрытым і галосным падліку галасоў. Забяспечыць празрыстасць падчас падліку, па меркаванні назіральніка, магла б працэдура, якую ён прасіў падтрымаць падчас прыняцця рашэння аб парадку падліку. “Адзін з сябраў камісіі, дэлегаваны ўчастковай камісіяй шляхам галасавання, сарціруе бюлетэні, вынятые са скрыні для галасавання, па галасах, аддадзеных за кожнага з кандыдатаў, а таксама пададзеных супраць усіх кандыдатаў, і адначасова аддзяляе несапраўдныя бюлетэні. Сарціроўка праводзіцца ўслых (называецца прозвішча кандыдата, за якога быў аддадзены голас выбаршчыка), кожны бюлетэнь дэманструецца астатнім сябрам камісіі, назіральнікам і раскладаецца ў стосы насупраць таблічкі з прозвішчамі кандыдатаў. Затым ажыццяўляе падлік бюлетэняў па кожнаму з кандыдатаў, а таксама супраць усіх кандыдытаў. У выпадку сумневаў у правільнасці падліку галасоў любы сябра ўчастковай камісіі мае права пералічыць бюлетэні. Вынікі падліку галасоў агучваюцца старшынёй участковай камісіі”.
Адказ старшыні ўчастковай камісіі Т.Н.Жытко на прапанову назіральніка стаўся прадказальным і адназначным: “Выбарчае заканадаўства не прадугледжвае падчас падліку галасоў працэдуру дэманстравання бюлетэняў”.