Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слонім: на ўчастку №20 у спісе галасавання на даму – ужо 125 чалавек

Івана Бядко, давераную асобу кандыдата ў дэпутаты Алеся Масюка па Слонімскай выбарчай акрузе № 58, здзівіла лічба 125 чалавек , якія будуць галасаваць па месцы жыхарства. Гэту інфармацыю яму паведаміла старшыня камісіі Маладзёжнага выбарчага ўчастка № 20 у Слоніме Таццяна Раманава. Па словах спадарыні Раманавай, гэта лічба яшчэ будзе павялічвацца. А ўсяго выбаршчыкаў на гэтым участку 1692.

А Міхаіл Сашко – давераная асоба гэтага ж кандыдата на Новым участку № 9, заўважыў, што члены камісіі не апячаталі сейф і пакой, у якім захоўваюцца скрыня і бюлетэні для галасавання. На заўвагу і патрабаванне апячатаць сейф з бюлетэнямі і пакой яму адказалі: “Не ваше дело!”. Па дадзеным факце пададзена скарга на імя старшыні акруговай выбарчай камісіі Слонімскай выбарчай акругі № 58 Алены Мачалінай.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары