У Салігорску працягвае знікаць агітацыйная прадукцыя за апазіцыйнага кандыдата
Перадвыбарчы штаб Аляксандра Малочкі заяўляе пра знікненне агітацыйнай прадукцыі з інфармацыйных стэндаў у крамах і арганізацыях гораду, у той час як у праўладнага кандыдата такіх праблем не назіраецца. Акруговая камісія паабяцала разабрацца ў сітуацыі цягам дзесяці дзён.
- Толькі за апошнія суткі мы зафікасавалі шэраг выпадкаў знікнення інфармацыйных плакатаў пра наша кандыдата. Такія факты, у прыватнасці, зафіксаваныя намі ў некалькіх гандлёвых кропках папулярнай у горадзе сеткі крамаў “Радуга”. Пры гэтым агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку праўладнага кандыдата ў тых самых установах засталіся на месцы, - кажа Віктар Малочка, давераная асоба і кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе.
Інфармацыю са штаба апазіцыйнага кандыдата пацьвярджае і мясцовы назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Мархотка:
- У панядзелак акруговая камісія ладзіла адпаведнае паседжанне, на якім разглядаліся ўсе факты і фотадоказы, прадстаўленыя перадвыбарчым штабам Аляксандра Малочкі з гэтай нагоды. Пры гэтым прысутная ў якасці назіральніка начальніца аддзела арганізацыйна-кадравай працы Салігорскага райвыканкама Ірына Чыгір увесь час імкнулася кіраваць працай выбарчай камісіі, але наяўнасць прадстаўнікоў АБСЕ на паседжанні яе крыху стрымлівала. У рэшце камісія вырашыла дадаткова разабрацца ў сітуацыі і даць адказ праз дзесяці дзён. Тое, што ужо пачынаецца датэрміновае галасаванне і засталося менш за тыдзень да асноўнага дня выбараў, іх не засмуціла.