У першы дзень датэрміновага галасавання студэнтаў “гоняць” на ўчасткі
6 верасня распачалося датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
Праваабаронцы сумесна з ініцыятыўнай групай студэнтаў запусцілі кампанію “Стоп загон” і заклікаюць распавядаць пра выпадкі прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні.
І амаль адразу пасыпаліся паведамленні ад студэнтаў розных ВНУ. Так, ціск на студэнтаў праз старастаў груп, БРСМ ці прафкам аказваюць у Баранавіцкам дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, юрыдычным каледжы БДУ.
А у Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускім нацыянальным тэхнілагічным універсітэце, Беларускім дзяжаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі студэнтам пагражаюць перасдачамі, адлічэннем і “праблемамі па вучобе”.
У інтэрнатах Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова размешчаныя аб'явы аб сустрэчы з рэктарам наконт выбараў.
Больш за тое, у БДСГА студэнтам нават “рэкамендуюць” за каго галасаваць – кандыдата, які вылучаецца ад іх ВНУ, прарэктара па вучэбнай працы Алену Калесневу.
А на ўчастку №17 па выбарчай акрузе №84 утварылася чарга з курсантаў Магілёўскага інстытута МУС. За 25 хвілін тут прагаласавала 50 чалавек.
Некаторыя ВНУ абяцаюць студэнтам прадаставіць афіцыйныя выходныя 9 і 12 верасня, нібыта для таго, каб студэнты добра адпачнулі дома.
Студэнты таксама пішуць пра прымус у сацыяльных сетках, выкладваюць скрыншоты паведамленняў.
Кампанія “Стоп загон” прапануе не маўчаць пра парушэнні правоў студэнтаў, а паведамляць пра іх праз ананімную анлайн-форму.