Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На сустрэчу з кандыдатам — арганізавана, працоўнымі калектывамі

5 верасня ў ДК глухіх «Віпра» прайшла сустрэча выбаршчыкаў з кандыдатам у дэпутаты па Юбілейнай акрузе Іванам Каржом. Кандыдат працуе начальнікам Інстытута нацыянальнай бяспекі, раней узначальваў Гродненскае і Гомельскае УКДБ. На сустрэчы прысутнічалі працаўнікі ААТ «Гомелькабель», прычым і тыя, якія не жывуць на акрузе. «Мы прыйшлі працоўнымі калектывамі», - адзначалі выбаршчыкі. Іншыя прыйшлі, па іх словах, «паслухаць кандыдата», хоць і прызналіся, што належаць да Савецкай акругі.

Кандыдат і яго давераныя асобы расказалі пра матывы балатавання, працоўны і жыццёвы шлях Івана Каржа, які больш за 30 гадоў адпрацаваў у сістэме КДБ. З залы задалі тры пытанні: пра смяротнае пакаранне, крымінальную адказанасць за распаўсюд наркотыкаў і меры па барацьбе з алкаголем і тытунем. Таксама адзін малады чалавек настойліва пытаўся пра канкрэтны план і праграму кандыдата. «Вы так пытаецеся, як у мультфільме: Ці ёсць у вас план, містэр Фікс? Мы праграму і план маглі б напісаць, у нас ёсць спецыялісты са ўсіх сфер жыццядзейнасці, але для чаго гэта? Хай Іван Аляксеевіч пройдзе ў парламент, аглядзіцца там, тады будзе бачна. Індыкатары, вехі — куды нам рухацца, канечне ў нас ёсць», - патлумачыў давераная асоба кандыдата Андрэй Грудзіцкі.

Сам кандыдат адзначыў, што мае добры заробак, высокую пасаду, становішча ў грамадстве, годную ваенную пенсію, не займаецца камерцыйнай дзейнасцю, не з’яўляецца чальцом палітычных партый — а значыць не будзе адстойваць нічые інтарэсы, а ідзе ў парламент, каб быць карысным людзям і праз удасканаленне заканадаўства дапамагаць змяняць жыццё людзей да лепшага.

Па Юбілейнай акрузе балатаваліся чатыры чалавекі, але 5 верасня адзін з іх, актывіст АГП Уладзімір Няпомняшчых зняў сваю кандыдатуру. Таму зараз канкурэнцыю начальніку Інстытута нацыянальнай бяспекі складуць сябра партыі левых «Справядлівы свет» Аляксандр Сухаручанка і сябра ЛДПБ Алег Данскіх.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары