Марыну Хоміч расшуквае міліцыя
Як паведамляе афіцыйны сайт аргкамітэта партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, міліцыя расшуквае кандыдата ў дэпутаты па Кальварыйскай акрузе Марына Хоміч. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў абыходзяць кватэры суседзяў сваякоў, у якіх пэўны час жыла лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў, і паказваюць яе фотаздымак, што дыскрэдытуе лідара МХД, нібы яна знаходзіцца ў вышуку.
З чым звязаная такая цікаўнасць да Марыны Хоміч, невядома. Атрымаць адказ з РАУС не атрымалася. З судовымі справамі за пікеты гэта таксама не звязана, бо міліцыю на пошукі Марыны Хоміч суды не накіроўвалі.
“Я не ведаю, у сувязі з чым мяне шукаюць. Пра вышук мне паведамілі сваякі і сябры маёй каманды. Я расцэньваю гэта як ціск, бо людзей запалохваюць, падчас кампаніі мяне расшукваюць нібы злачынцу. Я заклікаю беларускую міліцыю не выконваць незаконныя загады і памятаць, што ўлады таксама павінны выконваць закон і павінны несці адказнасць за супрацьзаконныя дзеянні. Мае кантактныя тэлефоны ёсць у камісіі і ў міліцыі, але мне ніхто ні разу не тэлефанаваў”, - паведаміла Марына Хоміч.