Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Магілёве праўладныя кандыдаты праігнаравалі калектыўную сустрэчу з выбаршчыкамі

Магілёў. Агульная сустрэча з выбаршчыкамі.
Магілёў. Агульная сустрэча з выбаршчыкамі.

Праўладныя кандыдаты па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85 Аляксандр Старавойтаў і Юрый Машын не прыйшлі на арганізаваную ўвечары 5 верасня грамадскай ініцыятывай "Клуб жаночага лідэрства" сустрэчу з выбаршчыкамі.

Як адзначалася ў абвестках, размешчаных на пад'ездах дамоў акругі, у СШ №33 планавалася правядзенне перадвыбарчых дэбатаў, у якіх абяцалі прыняць удзел усе кандыдаты ў дэпутаты, што там балатуюцца. Аднак у рэчаіснасці на сход прыйшлі толькі кандыдаты, якія прадстаўляюць апазіцыйныя партыі - Алег Аксёнаў ад АГП, Зміцер Салаўёў ад Партыі БНФ, Наталля Шкадун ад БСДП (Грамада). Незалежны кандыдат Юрый Стукалаў накіраваў на сустрэчу сваю давераную асобу -- прафесара, доктара сацыялагічных навук Юрыя Бубнава.

Паводле вядучай сустрэчы Надзеі Салаўёвай, і Старавойтаў, і Машын заяўлялі пра ўдзел у калектыўнай сустрэчы з выбаршчыкамі, але чамусьці не прыйшлі. Для прыйшоўшых у актавую залу людзей, якіх было каля 50 чалавек, сталася асабліва абуральнай адсутнасць Аляксандра Старавойтава, які ўзначальвае цэнтральную магілёўскую паліклініку і з’яўляецца галоўным урачом Магілёва. Менавіта да яго былі падрыхтаваныя пытанні прысутных, і тычыліся яны карупцыі ў сістэме аховы здароўя, невыносных чэргаў у паліклініках, немагчымасці своечасова прайсці важныя медыцынскія абследаванні. 

Адна з прыйшоўшых жанчын дэманставала ўсёй зале, як яна казала, восем кілаграмаў перапіскі з установамі аховы здароўся і асабіста са Старавойтавым. Выбаршчыца казала, што з-за мафіі і карупцыі ў магілёўскай медыцыне памёр яе сын, а зараз немагчыма прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Яна заклікала ні ў якім разе не галасаваць за Аляксандра Старавойтава. 

Магілёў. Агульная сустрэча з выбаршчыкамі

Нягледзячы на тое, што старшыня прафкама Беларуска-расійскага ўніверсітэта Юрый Машын таксама адсутнічаў на сустрэчы, да яго ніякіх пытанняў не было. Як патлумачыў адзін з выбаршчыкаў, "гэты хлопчык з інстытута" грае ролю дублёра ў Старавойтава. Што ж тычыцца ўласна Старавойтава, то многія выбаршчыкі казалі аб тым, што яму непатрэбна прыходзіць на такія сходы і нават накіроўваць на іх сваіх давераных асоб, якіх у яго 15 чалавек. Прычына простая - ён ужо адной нагой у Мінску, а гэтыя выбары нічога не значаць, бо ўсё дэпутаты ўжо прызначаныя.

Аб тым, што выбараў у Беларусі няма казалі і прыйшоўшыя на сустрэчу кандыдаты ў дэпутаты. Разам з тым яны заклікалі людзей прыйсці 11 верасня і прагаласаваць. Які ёсць сэнс у галасаванні, калі "няма выбараў", зразумела не тлумачылася. Паводле Юрыя Бубнава, каб змяніць сітуацыю да лепшага, трэба выкарыстоўваць кожны, нават самы мізэрны, шанец.

У ходзе сустрэчы выбаршчыкі пачулі меркаванні кандыдатаў аб эканамічнай сітуацыі ў краіне, карупцыі ў медыцыне, крытыку палітычнага кіраўніцтва Беларусі, адмоўнае стаўленне актывістаў да прыцяснення прадпрымальнікаў. Жадаючыя маглі задаць хвалюючыя іх пытанні. У той жа час дыскусіі паміж уласна кандыдатамі не было.

Прайшоўшая ў Магілёве калектыўная сустрэча стала першым падобным мерапрыемствам, арганізаваным "Клубам жаночага лідэрства". Паводле кіраўніцтва гэтай грамадскай ініцыятывы, падчас бягучай выбарчай кампаніі такіх сустрэч яны ладзіць больш не будуць.

Магілёў. Агульная сустрэча з выбаршчыкамі

Зміцер Салаўёў. Магілёў. Агульная сустрэча з выбаршчыкамі

Магілёў. Агульная сустрэча з выбаршчыкамі

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары