Гомельскі сябра АГП Уладзімір Няпомняшчых зняўся з выбараў, «каб не падманваць сябе і народ»
Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Няпомняшчых, які балатаваўся ў парламент па Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акрузе № 31, 5 верасня падаў заяву аб зняцці сваёй кандыдатуры. Ужо былы кандыдат так патлумачыў у заяве сваю пазіцыю: «Прашу зняць маю кандыдатуру ў так званай выбарчай кампаніі, бо гэта не выбары, а гульня шарлатанаў з народам у напарсткі пад назвай выбары. Я не маю маральнага права падманваць сябе, сваю сям'ю і беларускі народ, прымаючы ўдзел у «падтанцоўцы» Лукашэнка-Ярмошынай і іх брыгадзе».
Каментуючы сваё рашэнне, Няпомняшчых прывёў прыклад: яго здымак на стэндзе з інфармацыяй аб кандыдатах кадрыравалі такім чынам, што надпіс з лозунгам на майцы кандыдата страціў свой сэнс. Лозунг гучыць «За Беларусь без Лукашэнкі», але апошняе слова адрэзалі на здымку, таму атрымалася «За Беларусь без». Няпомняшчых нагадаў, што пры выступленні на тэлебачанні канец лозунга таксама не быў бачны, паколькі яго закрылі цітрамі, і атрымалася, што кандыдат выступае пад дэвізам «За Беларусь».
«Не першы раз я балатуюся, і заўсёды закрываюць надпіс «За Беларусь без Лукашэнкі». Знішчаюць мой брэнд, бо ў Гомелі мяне ведаюць дзякуючы гэтаму надпісу на майцы, вітаюцца, ціснуць руку, просяць сфатаграфавацца. Таму камісія робіць усё, каб мяне не пазналі людзі. Да таго ж я неаднаразова быў назіральнікам на выбарах і бачыў фальсіфікацыі», - адзначыў былы кандыдат і ў той жа дзень зноў зарэгістраваўся назіральнікам і абяцае разам з напарнікам ні на хвіліну не пакідаць участак для галасавання, каб пракантраляваць увесь працэс галасавання.
Таксама 5 верасня яшчэ адзін кандыдат ад АГП Уладзімір Кацора, які балатаваўся па Гомельскай-Сельмашаўскай выбарчай акрузе № 32 падаў заяву аб складанні з сябе паўнамоцтваў кандыдата ў дэпутаты.