Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Абскарджванне папярэджання, вынесенага Слуцкім выбаркамам Аліне Нагорнай, не дало плёну

Паседжанне Мінскай абласной выбарчай камісі.
Паседжанне Мінскай абласной выбарчай камісі.

Мінская абласная камісія адмовілася адмяняць папярэджанне Слуцкага акруговага выбаркаму кандыдатцы Аліне Нагорнай, атрыманага ёй за ўключэнне ў спіс давераных асобаў іншага кандыдата. Мінскі абласны суд скаргу па сутнасці разглядаць увогуле не стаў.

- Сямнаццатага жніўня я падала на рэгістрацыю ў Слуцкі акруговы выбаркам спіс даверных асоб, у які быў унесены кандыдат з Вілейскай акругі Максім Ціханаў. У адпаведнасці ж з часткай 4 артыкула 76 Выбарчага кодэксу даверанай асобай кандыдата ў дэпутатаы не можа быць іншы кандыдат у дэпутаты, - згаджаецца Аліна Нагорная. - Але ж я, як кандыдат, толькі падаю спіс давераных асоб, а яго рэгістрацыяй і праверкай займаецца выбаркам. 18 жніўня Слуцкая акруговая камісія рэгіструе маёй даверанай асобай Максіма Ціханава. Фактыча сама камісія і парушае выбарчае заканадаўства.

Вынясенне папярэджання за “апіску”, на думку Аліны Нагорнай, з’яўляецца спробай прадстаўнікоў Слуцкай акруговай выбарчай камісіі схаваць сваю некампетэнтнасць:

- 25-га жніўня прадстаўнікі камісіі заўважаюць сваю памылку і, пераканаўшыся ў тым, што яны такі парушылі закон, зарэгістраваўшы кандыдата даверанай асобай, вырашылі як мінімум схаваць сваю некампетэнтнасць і выклікалі  мяне на паседжанне, дзе вынеслі папярэджанне. Яны спаслаліся на той самы артыкул 76, але ім не рэгулюецца адказнасць за будзь-якое парушэнне.Тым больш, зноўку адзначу, менавіта камісія займаецца рэгістрацыяй давераных асоб і, адпаведна, сама камісія і вінавата ў тым, што даверанай асобай быў зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты.

Нягледзячы на нежаданне Мінскай абласной выбарчай камісіі ўстаць на бок Аліны Нагорнай, кандыдатка палічыла вынесенае прапярэджанне несправядлівым. Абскардзіць яго кандыдатка паспрабавала ў Мінскім абласным судзе, але па хадайніцтву прадстаўніка выбаркаму суд разглядаць справу па сутнасці  не стаў, спаслаўшыся на невыкананне тэрміну абскарджвання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары