Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

ЦВК не знайшла падстаў для зняцця з выбараў Таццяны Марачкавай

Перадвыбарчая ўлётка Таццяны Марачкавай.
Перадвыбарчая ўлётка Таццяны Марачкавай.

Былы прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 камуніст Уладзімір Ушакоў 4 верасня атрымаў адказ на сваю скаргу з ЦВК.

У адказе за подпісам старшыні Цэнтральнай камісіі Лідзіі Ярмошынай Уладзіміру Ушакову паведамілі, што ў яго звароце адсутнічаюць дадзеныя для перагляду рашэння аб адмене рэгістрацыі Таццяны Марачкавай кандыдатам у дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе. Указанне неадпавядаючых сапраўднасці дадзеных біяграфічнага характару кандыдатам у дэпутаты не з’яўляецца падставай для адмены рашэння аб рэгістрацыі, напісала старшыня ЦВК.

Паказальна, што ў адказе за подпісам самой старшыні ЦВК Ярмошынай нават няправільна ўказаны нумар Крычаўскай выбарчай акругі, на дзеянні акруговай выбарчай камісіі якой  скардзіўся Уладзімір Ушакоў. У адказе акруга пазначана пад №3, хоць на сам рэч Крычаўская выбарчая акруга мае №83.

У заяве ў Цэнтрвыбаркам Уладзімір Ушакоў прасіў правесці праверку па фактах парушэнняў заканадаўства падчас арганізацыі выбарчай кампаніі. У выпадку выяўлення парушэнняў з боку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Марачкавай Т. Б., Ушакоў прапаноўваў ЦВК вынесці рашэнне аб яе адхіленні ад удзелу ў выбарах. Калі будуць выяўлены парушэнні з боку іншых асоб, то прыцягнуць іх да адказнасці ў межах прадастаўленых ЦВК паўнамоцтваў.

Ушакоў сцвярджае, што Таццяна Марачкава свядома падманула акруговую выбарчую камісію, указаўшы ў дакументах партыйнасць у КПБ, хоць на той момант яна не з’яўлялася членам гэтай партыі.

Старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў  “камуніст” Таццяна Марачкава з’яўляецца асноўным прэтэндэнтам ад улады ў Крычаўскай выбарчай акрузе №83. Ініцыятыўная група сабрала за яе вылучэнне 15 273 подпісы выбаршчыкаў. Акрамя гэтага, яна была вылучана ад КПБ і ад працоўнага калектыва.

Скаргу на Т. Марачкаву ў акруговую камісію і пракуратуру Хоцімскага раёна падала таксама іншы кандыдат у дэпутаты па гэтай акрузе Таццяна Шамбалава. Яна сцвярджае, што па акрузе распаўсюджваюцца перадвыбарчыя ўлёткі Т. Марачкавай без якіх-небудзь выходных дадзеных, і што на тэрыторыі акругі размешчаны агітацыйныя плакаты кандыдата ў дэпутаты з няпоўнымі выходнымі дадзенымі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары