Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Экс-кандыдат Уладзімір Кацора: я не жадаю быць прадстаўніком сабесу ў сваёй акрузе

Уладзімір Кацора. Фота: gomelspring.org
Уладзімір Кацора. Фота: gomelspring.org

У Гомелі 5 верасня паменела адразу на двух кандыдатаў: тут з выбарчай кампаніі зняліся два Уладзіміры - ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзімір Кацора, які балатаваўся па Сельмашаўскай выбарчай акрузе №32 і Уладзімір Няпомняшчых па Юбілейнай акрузе №31.

Як паведамляе "Гомельская Вясна", экс-кандыдат У. Кацора ў заяве аб зняцці з выбараў пазначыў, што ніводзін з 34-х прапанаваных ад АГП ва ўсе 34 участковыя камісіі Сельмашаўскай акругі прадстаўнікоў не ўключаны ў склад выбарчых камісій.

Акрамя таго, у заяве ён пазначыў: “Старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына, парушаючы Канстытуцыю Беларусі, заявіла, што роля дэпутата парламента ня ў тым каб займацца законатворчай дзейнасцю, а ў тым, каб быць прадстаўніком сабесу ў сваёй акрузе. Мяне гэта роля не задавальняе”, - пажартаваў апазіцыянер.

Уладзімр Кацора дадаў, што 10 верасня ў партыйным офісе АГП па вуліцы Палескай, 52 адбудзецца канцэрт Лявона Вольскага і гомельскіх бардаў. Святам беларускай песні  дэмакратычныя сілы Гомельшчыны вырашылі завяршыць свой удзел у так званых “парламенцкіх выбарах”.

Другі кандыдат ад АГП Уладзімір Няпомняшчых таксама аб зняцці з выбараў казаў з самога пачатку кампаніі і як бачна, абяцанне выканаў.

“Гэта не выбары, а гульня шарлатанаў. Гуляць у паддаўкі з тандэмам Лукашэнка-Ярмошына я не маю маральнага права”, - пазначыў у заяве былы кандыдат.

Трэба адзначыць, негледзячы на зняцце апазіцыйных кандыдатаў, у пазначаных акругах выбары пройдуць на альтэрнатыўнай аснове. Па Сельмашаўскай акрузе крамя праўладнага кандыдата Віталя Шылава працягваюць балатавацца кандыдат ад БНФ Васіль Раманаў, ад Грамады Сяргей Колышкін і ад ЛДП Сяргей Дараненкаў.

Па Юбілейнай акрузе ад улады балатуецца Іван Корж, ад ЛДП Алег Данскіх, ад КПБ Васіль Патапаў і ад партыі левых “Справядлівы мір” Аляксандр Сухаручанка.

Гомельская Вясна


Каментары