ЦВК рэкамендавала “Гродзенскай праўдзе” ўстрымацца ад публікацый за праўладных кандыдатаў
Незалежны назіральнік з Гродна Раман Юргель атрымаў адказ на сваю скаргу ў ЦВК на прадмет выкарыстання дзяржаўнай прэсай адміністрацыйнага рэсурсу для агітацыі за вылучаных уладай кандыдатаў у дэпутаты. Гэта ўжо не першая скарга незалежных назіральнікаў Гродна на тое, што “Гродзенская праўда” цягам трох месяцаў паслядоўна піярыла ўладных кандыдатаў.
ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай паведаміла, што Назіральны савет па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі рэкамендуе газеце “Гродзенская праўда” ўстрымацца ад публікацый падобнага характару, якія могуць быць расцэнены як “схаваная агітацыя” ў інтарэсах некаторых кандыдатаў. Адначасова Гродзенскай абласной выбарчай камісіі рэкамендавана ўзмацніць кантроль за выкананнем правілаў перадвыбарчай агітацыі.
Раней незалежныя назіральнікі з Гродна Раман Юргель і Віктар Сазонаў неаднаразова звярталі ўвагу акруговых і тэрытарыяльнай выбарчых камісій на факты такіх публікацый у дзяржаўнай прэсе, аднак скаргі назіральнікаў былі ігнараваны. ЦВК ж таксама адрэагавала толькі тады, калі агітацыйная кампанія падышла амаль да свайго завяршэння.