Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Зварот да адміністрацый беларускіх навучальных установаў з нагоды пачатку датэрміновага галасавання

Ілюстрацыйнае фота TUT.by
Ілюстрацыйнае фота TUT.by

Мы, прадстаўнікі грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, звяртаемся да кіраўніцтва вышэйшых навучальных установаў, каб нагадаць пра наступнае.

Адным з асноўных прынцыпаў правядзення выбараў у Рэспубліцы Беларусь, замацаваных у Артыкуле 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Артыкуле 5 Выбарчага кодэкса, з’яўляецца іх свабодны характар. Гэта азначае, што кожны выбаршчык асабіста вырашае, ці прымаць яму ўдзел у выбарах і за каго галасаваць.

Артыкул 53 Выбарчага кодэкса прадугледжвае магчымасць датэрміновага галасавання для выбаршчыкаў, якія не могуць у дзень выбараў знаходзіцца па месцы жыхарства.

Тым часам, як паказвае практыка назірання за папярэднімі выбарчымі кампаніямі, некаторыя катэгорыі выбаршчыкаў, у тым ліку і студэнты, нярэдка сутыкаюцца з ціскам з боку адміністрацый вышэйшых навучальных установаў, якія прымушаюць да ўдзелу менавіта ў датэрміновым галасаванні, ажыццяўляюць кантроль за яўкай студэнтаў на выбарчыя ўчасткі, прадастаўляюць датэрмінова прагаласаваўшым студэнтам адгулы і г.д. У выніку колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, па краіне складае да 20-35% (да 48% ад прыняўшых удзел у галасаванні).

У сувязі з гэтым, мы акцэнтуем увагу, што адміністрацыі вышэйшых навучальных установаў не з’яўляюцца арганізатарамі выбарчага працэсу, а любыя формы прымусу студэнтаў да ўдзелу ў выбарах з’яўляюцца недапушчальным парушэннем іх канстытуцыйных правоў. Акрамя таго, дзеянні адміністрацый навучальных установаў па прымусе і іншыя формы арганізацыі ўдзелу студэнтаў у галасаванні ніякім чынам не суадносяцца з прынцыпамі студэнцкага самакіравання і акадэмічнымі свабодамі, што з’яўляюцца аднымі з асноўных прынцыпаў Балонскага працэсу.

Прадстаўнікі нашай кампаніі будуць ажыццяўляць назіранне за ходам датэрміновага галасавання, адсочваць, збіраць інфармацыю пра магчымыя парушэнні і даводзіць яе да шырокага кола беларускай і міжнароднай грамадскасці, у тым ліку і да міжнародных місій па назіранні за выбарамі.

Мы спадзяемся, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6-га склікання пройдуць без парушэнняў выбарчага заканадаўства і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.


Каментары