ГУУС праводзіць праверкі па фактах “несанкцыянаваных” пікетаў
На сайце ГУУС Мінгарвыканкама размешчаныя інфармацыйныя зацемкі пра праверкі, што праводзяцца па фактах нібыта несанкцыянаваных пікетаў.
“31 жніўня ў 13.00 па вул. Арлоўскай, 58, к. 1 двое грамадзянаў правялі несанкцыянаваны пікет. Супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС ажыцяўлялася відэадакументаванне”, - значыцца на сайце ГУУС.
Відавочна, гаворка ідзе пра распаўсюд газеты “Народная воля” са зваротам кандыдатаў у дэпутаты да міністра МУС Ігара Шуневіча каля будунку РУУС Цэнтральнага раёна, які зладзілі старшыня АГП Анатоль Лябедзька і падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў.
Таксама без увагі не застаўся і вялікі правацэнтрысцкі агітацыйны пікет каля ЦУМу ў Мінску, што адбыўся 1 верасня, а таксама яго працяг каля Белтэлерадыёкампаніі.
ГУУС адрэгаваў наступнай зацемкай:
“1 верасня на пляцоўцы перад ААТ «ЦУМ-Мінск» па пр-це Незалежнасці 25 чалавек зладзілі несанкцыянаваны пікет. Праз 40 хвілін пікет быў скончаны і грамадзяне прайшлі да будынку Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь па вул.Макаёнка, дзе таксама адбыўся несанкцыянаваны пікет. Колькасць удзельнікаў акцыі складала 30 чалавек. Супрацоўнікамі міліцыі ажыццяўлялася фота і відэадакументаванне. Праводзіцца праверка”.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які браў удзел у пікеце заявіў, што пікет адбыўся ў рамках перадвыбарчай кампаніі кандыдата Максіма Гацака, а ГУУС хлусіць:
“Пікет быў замоўлены на яго акрузе каля ЦУМа, а потым – каля кожнага дома ўздоўж праспекту Незалежнасці на акрузе кандыдата Юрася Губарэвіча. Фактычна ўдзельнікі перамяшчаліся ад аднаго пікету да другога”.
Чым скончацца такія праверкі – пакуль невядома.