Смаргонская акруговая камісія не прызнае парушэнняў ва ўладнага кандыдата
Назіральнік у Смаргонскай акруговай камісіі №59 Алесь Дзергачоў звярнуўся ў камісію з заявай адносна парушэнняў кандыдатам ад улады Адамам Кавалько парадку правядзення сустрэч з выбаршчыкамі.
Так, 24 жніўня кандыдат арганізаваў сустрэчу з выбаршчыкамі на паўгадзіны раней часу, замоўленага ў заяве, пададзенай у камісію, а 25 жніўня ў адзін і той жа час яго камандай было праведзена дзве сустрэчы, на адну з якіх заява ў камісію не падавалася.
Цікава, што на заяву назіральніка, пададзеную на беларускай мове, старшыня камісіі Раіса Захарыч, якая з’яўляецца дырэктарам школы №5, дала адказ не на мове звароту, а на рускай. Тым самым яна парушыла Закон “Аб зваротах грамадзян” Рэспублікі Беларусь.
Пры гэтым змяшчэнне кандыдатам сустрэчы 24 жніўня на паўгадзіны раней без паведамлення пра гэта камісіі яна лічыць правамерным, бо “кандыдат перанёс сустрэчу, апавясціўшы пра гэта выбаршчыкаў аб’явай на будынку гімназіі. А вось наконт дзвюх сустрэч 25 жніўня старшыня камісіі паведамляе, што адна замоўленая сустрэча праведзена кандыдатам паводле заявы. Пра другую сустрэчу, факт правядзення якой трэба было б расцэньваць як парушэнне, у адказе нават не згадваецца.