Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Крычаў: кандыдат Таццяна Шамбалава падала скаргу на распаўсюд матэрыялаў без выходных дадзеных у падтрымку Таццяны Марачкавай

Кандыдат у дэпутаты Таццяна Шамбалава.
Кандыдат у дэпутаты Таццяна Шамбалава.

Кандыдат у дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Таццяна Шамбалава 2 верасня падала скаргу ў пракуратуру Хоцімскага раёна і акруговую выбарчую камісію па факце распаўсюду сярод жыхароў Хоцімскага раёна агітацыйных улёта іншага кандыдата ў дэпутаты па гэтай жа акрузе, Марачкавай Т. Б., без выходных дадзеных. Гэта з'яўляецца парушэннем арт. 45 Выбарчага кодэкса.

Шамбалава сцвярджае, што на тэрыторыі акругі таксама размешчаны агітацыйныя плакаты кандыдата ў дэпутаты Марачкавай Т. Б. з няпоўнымі выходнымі дадзенымі, на іх адсутнічае адрас арганізацыі, якая вырабіла друкаваныя матэрыялы, і прозвішча і ініцыялы заказчыка.

Кандыдат у дэпутаты просіць правесці праверку ўказаных парушэнняў, спыніць парушэнні выбарчага заканадаўства, прыцягнуць вінаватых да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Таццяна Шамбалава хоча даведацца, за якія сродкі і кім выдадзеныя агітацыйныя ўлёткі без выходных дадзеных.

Інфармацыю аб парушэнні выбарчага заканадаўства Таццянай Марачкавай Шамбалавай распавялі выбаршчыкі падчас яе наведвання Хоцімскага раёна 2 верасня.

Таццяна Шамбалава разам са сваімі даверанымі асобамі 2 верасня правяла агітацыйны пікет на рынку ў Хоцімску.

Таксама Таццяна Шамбалава адзначыла, што 2 верасня яна не здолела правесці перадвыбарчы пікет у іншым дазволеным для правядзення масавых мерапрыемстваў месцы ў Хоцімску – на гарадскім стадыёне. Стадыён аказаўся зачыненым на замок, пры тым, што кандыдат у дэпутаты за два дні да правядзення пікетаў паведаміла ў Хоцімскі райвыканкам аб сваім намеры.

Па словах Таццяны Шамбалавай, 2 верасня яна таксама наведала шэраг выбарчых участкаў у г. п. Хоцімск і Хоцімскім раёне. На адзін з іх – Калінінскі №54, размешчаны ў будынку Хоцімскай ПМК-276, яна так і не змагла патрапіць, бо лесвіца, якая вядзе да ўчастка, аказалася заблакаванай драўлянай перашкодай.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары