Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Жодзіне і Барысаве распаўсюджваюцца агітацыйныя матэрыялы, вырабленыя з парушэннямі

Жодзіна. Агітацыйны матэрыял, выраблены з парушэннем патрабаванняў закона. Фота А. Лапіцкага
Жодзіна. Агітацыйны матэрыял, выраблены з парушэннем патрабаванняў закона. Фота А. Лапіцкага

Абодва кандыдаты па Жодзінскай выбарчай акрузе №64 парушаюць умовы выпуску і распаўсюду агітацыйных друкаваных матэрыялаў, бо на улётках, плакатах і каляндарыках і Дз.Заблоцкага, а таксама на улётках А.Гурыненкі не пазначаны патрабуемыя выбарчым заканадаўствам звесткі, паведамляе сайт licviny.info   

На агітматэрыялах абодвух кандыдатаў у Жодзіне адсутнічаюць патрабуемыя заканадаўствам:

1) адрас арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка), якая вырабіла друкаваныя матэрыялы;
2) нумар і дата выдачы пасведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі вытворцы друкаваных выданняў;
3) прозвiшча і ініцыялы заказчыка.

Такім чынам, адзначае назіральнік у акруговай выбарчай камісіі Аляксей Лапіцкі, з 4 абавязковых патрабаванняў да агітацыяных друкаваных матэрыялаў кандыдаты - Дзмітры Заблоцкі (БелАЗ, Гарадскі Савет) і Аляксандар Гурыненка (ААТ “Світанак”) - цалкам выканалі толькі 1. На іх матэрыялах можна адшукаць: няпоўную назву друкарні, нумар заказу і наклад.

Жодзіна. Агітацыйны матэрыял, выраблены з парушэннем патрабаванняў закона. Фота А. Лапіцкага

Аналагічныя парушэнні выяўлены ў Барысаве назіральнікам Алегам Мацкевічам. Агітацыйныя друкаваныя матэрыялы кандыдата ў дэпутаты па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе № 63 Тамары Красоўскай не ўтрымліваюць звестак аб замоўцы. Апрача гэтага, у выходных дадзеных указаных агітацыйных матэрыялаў няма звестак аб адрасе арганізацыі, якая вырабіла агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, нумары пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі вытворцы друкаваных выданняў і даце яго выдачы.

Назіральнік адзначае, што, нягледзючы на пазначаныя хібы, агітацыйныя друкаваныя матэрыялы кандыдата распаўсюджваюцца, а акруговая выбарчая камісія, якая пасля атрымання ўзораў указаных агітацыйных матэрыялаў мусіла забараніць іх распаўсюд, а кандыдату ў дэпутаты Красоўскай Т. П. прапанаваць перарабіць агітацыйную прадукцыю згодна з патрабаваннямі выбарчага заканадаўства, бяздзейнічае.

Барысаў. Агітацыйны матэрыял, выраблены з парушэннем патрабаванняў закона.

Барысаў. Агітацыйны матэрыял, выраблены з парушэннем патрабаванняў закона

Барысаў. Агітацыйны матэрыял, выраблены з парушэннем патрабаванняў закона

Барысаў. Агітацыйны матэрыял, выраблены з парушэннем патрабаванняў закона

Абодва назіральнікі падалі скаргі ў адпаведныя акруговыя камісіі.

31 жніўня Аляксей Лапіцкі атрымаў адказ на свой зварот па факце парушэннямі  кандыдатамі Дз.Заблоцкім і А.Гурыненкам ч.12, арт.45 Выбарчага кодэксу і п.18.6 Практычнага дапаможніку №9 ЦВК адносна «умоваў выпуску і распаўсюду агітацыйных друкаваных матэрыялаў».

Атрыманае паведамленне за подпісам старшыні камісіі Сяргея Афанасенкава не з’яўляецца рашэннем акруговай выбарчай камісіі па пытанні аб парушэнні ВК - на паседжанні камісіі яно не разглядалася, калегіяльна не абмяркоўвалася і не прымалася. Зварот быў  разгледжаны толькі кіраўніцтвам выбаркаму.

У сваім адказе Сяргей Афанасенкаў адзначае: “Паколькі выпушчаныя агітацыйныя друкаваныя матэрыялы кандыдатаў А.Гурыненкі і Дз.Заблоцкага не з’яўляюцца ананімнымі, іх выпуск пацверджаны вытворцам матэрыялаў, то іх распаўсюд не забаронены дзеючымі заканадаўчымі актамі.” Пры гэтым паведамляецца, што “камісіяй на адрас Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў накіраваны запыт аб растлумачэнні камісіі прымянення пункта 18.6 Практычнага дапаможніка для абласных, Мінскай градсской, тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій. Аб атрыманым адказе вы будзеце праінфармаваны дадаткова.”

Вось так выглядаюць патрабаванні да агітацыйнай прадукцыі згодна “Практычнага дапаможніка для абласных, Мінскай гарадской тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання”, зацверджанага Пастановай ЦВК 17.05.2016 г.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары