Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Магілёве прайшоў першы агульнаапазіцыйны перадвыбарчы пікет

Магілёў. агульнаапазіцыйны перадвыбарчы пікет
Магілёў. агульнаапазіцыйны перадвыбарчы пікет

Прадстаўнікі БСДП (Грамада), Партыі БНФ і АГП наладзілі ўвечары 2 верасня першы агульнаапазіцыйны перадвыбарчы пікет на пешаходнай вуліцы Ленінскай у цэнтры Магілёва.

У пікеце прынялі ўдзел каля 20 прадстаўнікоў апазіцыйных дэмакратычных арганізацый, якія пад бел-чырвона-белымі сцягамі выставілі плакаты сваіх кандыдатаў у дэпутаты і раздавалі мінакам агітацыйныя ўлёткі. 

Магілёў. агульнаапазіцыйны перадвыбарчы пікет

Магілёў. агульнаапазіцыйны перадвыбарчы пікет

"Выбары выходзяць на фінішную прамую, і чым больш мы будзем праводзіць агітацыю, тым больш запомнімся людзям. Калі мы праводзім разам і больш масава, то лепш гэта запамінаецца, чым адзіночны пікет", - заявіў кандыдыт у дэпутаты ад Партыі БНФ па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85 Зміцер Салаўёў.

"Сацыял-дэмакраты арганізавалі гэты пікет, а астатнія далучыліся, таму што сканчваецца выбарчая кампанія, і яе ход паказаў, што ёсць пэўныя паслабленні з боку рэжыму. То бок ён не так адсочвае пільна, што дзе адбываецца, і ёсць магчымасць праводзіць такія акцыі ў цэнтры горада", - заявіў у сваю чаргу лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў, першы намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў.

"Некаторыя недасведчаныя палітыкі пішуць, што апазіцыі не ўдалося аб'яднацца. А мы ў Магілёве і не раз'ядноўваліся. Перш чым пісаць такія рэчы, трэба крыху зразумець праблему ці пабыць у нашым асяродку. У нас стабільныя, рэгулярныя агульныя мерапрыемствы. Сёння мы вырашылі расфарбаваць вуліцу ў бел-чырвона-белыя колеры, пакуль у нас ёсць такая магчымасць", - заявіў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП, кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай сельскай акрузе №88 Уладзімір Шанцаў, адзначыўшы, што "ўсе разам мы паказваем сілу, што нас многа усё ж такі".

Прадстаўнікі апазіцыйных партый заявілі аб адсутнасці боязі з-за таго, што, стаячыя побач на пікеце, канкурэнты адцягнуць увагу, а потым і галасы выбаршчыкаў. "Мы ж ведаем, што выбараў няма, і таму я мала хвалююся, што адбяруць увагу і галасы дэмакратычныя кандыдаты. Лепей хай яны адбяруць галасы ад праўладных вылучэнцаў. Боязі няма, бо ў нас агульная платформа, мы ўсе за дэмакратычную краіну, і ў гэтым плане розніцы паміж намі няма", - заявіў Зміцер Салаўёў.

"Гэтая выбарчая кампанія паказала, што чым больш кандыдатаў на акрузе, тым больш магчымасць у выбарцаў пачуць розныя галасы, бо вынік вядомы. У інтэрнэце даўно быў спіс, хто будзе дэпутатам - гэта праўладныя кандыдаты. Адпаведна і мы ведаем, хто стане кандыдатам па магілёўскіх акругах", - адзначыў Ігар Барысаў. Паводле яго, дэмакраты выйшлі разам, каб паказаць, што ў грамадстве ёсць альтэрнатыва, і гэта альтэрнатыва не такая страшная, як яе да пэўнага часу малявалі ўлады.

"Мы разумеем, што выбараў няма. Дэпутаты ўжо прызначаны, таму ў гэтай сітуацыі мы выступаем разам. Калі ж будуць сумленныя і справядлівыя выбары, то, канешне, мы будзем змагацца, каб нашы кандыдаты сталі дэпутатамі парламента. Але як гэтага няма, то ў нас іншая мэта, і яна агульная - барацьба з гэтым рэжымам, які давеў краіну "да ручкі", адабраў дэмакратычныя свабоды, магчымасць свабодна выказваць свой пункт гледжання, сваё меркаванне", - заявіў Уладзімір Шанцаў.

Агульнадэмакратычны пікет прайшоў спакойна і без якіх-небудзь эксцэсаў.

Магілёў. агульнаапазіцыйны перадвыбарчы пікет

Магілёў. агульнаапазіцыйны перадвыбарчы пікет

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары