Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Абласная камісія прызнала правамерным вынясенне папярэджання назіральніку ў Магілёве

Праваабаронца Барыс Бухель.
Праваабаронца Барыс Бухель.

Старшыня камісіі Магілёўскай-Кастрычніцкай акругі №86 Аляксандр Кажамякін не парушыў выбарчага заканадаўства пры вынясенні папярэджання назіральніку ад БХК Барысу Бухелю, лічаць у аблвыбаркаме.

Нагадаем, што раней старшыня камісіі Магілёўскай-Кастрычніцкай акругі № 86 Аляксандр Кажамякін абвінаваціў назіральніка ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Барыса Бухеля ў стварэнні перашкодаў працы акруговага выбаркама. "Вы перашкаджаеце працаваць сябрам камісіі, публікуеце недакладныя дадзеныя. Другога папярэджання можа не быць", - заявіў Кажамякін падчас пасяджэння акруговай камісіі. Бухель не пагадзіўся з папярэджаннем і абскардзіў яго ў абласной камісіі, назваўшы дзеянні Кажамякіна помстай за раней пададзеную скаргу на непрадастаўленне інфармацыі.

"Паўнамоцтвы старшыні акруговай камісіі вызначаны выбарчым заканадаўствам, згодна з якім ён ажыццяўляе кіраўніцтва дзейнасцю камісіі і забяспечвае выкананне ўскладзеных на камісію функцый. На падставе вышэйпададзенага, у дзеяннях старшыні акруговай камісіі парушэнняў патрабаванняў выбарчага заканадаўства не ўстаноўлена", - гаворыцца ў адказе з абласной камісіі па выбарах.

Там жа адзначаецца, што акруговая камісія аб сваёй дзейнасці своечасова інфармуе выбаршчыкаў праз СМІ і сайт адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

Як раней распавядалася, Кажамякін адмовіўся даць Бухелю для абскарджання пісьмовую копію папярэджання. "Для ўсіх дзяжурных членаў любых выбаркамаў першачарговым прамым абавязкам з'яўляецца адказваць і тлумачыць сваю пазіцыю ўсім выбаршчыкам, якія заходзяць да іх, у тым ліку і зарэгістраваным назіральнікам па ўзніклых у іх пытаннях, а не толькі прымаць заявы і скаргі", - сцвярджае Бухель. Паводле яго, 2 жніўня ён прыйшоў у камісію задаць тры пытанні - калі будзе адказ на ранейшую заяву, калі намечана пасяджэнне камісіі, колькі здадзена дакументаў і за каго. "Мне даваць інфармацыю адмовіліся, я стаў настойваць, сказаў, што гэта публічная інфармацыя", - сказаў Бухель.

Назіральнік указвае на неадпаведнасць рэчаіснасці сцвярджэння Кажамякіна, што назіральнік нібыта патрабаваў прадставіць яму дакументы, якія падалі асобы, маючыя намер вылучыцца ў якасці кандыдатаў. Таксама, паводле назіральніка, не адпавядае рэчаіснасці сцвярджэнне Кажамякіна, што Бухель нібыта публікаваў недакладную інфармацыю. "Пры гэтым ён не патлумачыў, што гэта за інфармацыя і дзе яна была апублікаваная", - адзначыў праваабаронца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары