БТ ці ГБ-ТВ: дзе пакажуць пікет правацэнтрыстаў?
У першы дзень верасня Правацэнтрысцкая кааліцыя правяла сумесны агітацыйны пікет каля ЦУМа ў Мінску.
На пікеце былі выстаўленыя агітацыйныя стэнды першага намесніка старшыні Руху “За свабоду” Юрыя Губарэвіча, прамоўцы БХД Вольгі Кавальковай, намесніка старшыні аргкамітэта Хрысціянска-дэмакратычнага руху Максіма Гацака, каардынатара Руху “За свабоду” па Мінску Юрыя Меляшкевіча.
“Правацэнтрысцкая кааліцыя ідзе на гэтыя выбары з адзіным спісам кандыдатаў і з супольным пасланнем. Мы ведаем, што ніякія рэформы ў Беларусі немагчымыя без правядзення свабодных выбараў. 11 верасня адбудзецца чарговае галасаванне, але месцы ў Палаце прадстаўнікоў ужо рамеркаваныя. Але мы маем кандыдатаў, якія здольныя быць дэпутатамі. 11 верасня адбудуцца выбары, прыходзьце і падтрымайце кандыдатаў ад Правацэнтрысцкай кааліцыі”, - заклікаў Юрый Губарэвіч.
Ён адзначыў, што адзіны час, калі альтэрнатыўныя кандыдаты могуць з’яўляцца на беларускім тэлебачанні – перадвыбарчая агітацыя. Але тых пяці хвілін, якія адводзяцца на выступ кожнаму, недастаткова, каб сказаць усю праўду.
Актывісты раздавалі ўлёткі сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
За падзеямі пільна сачылі супрацоўнікі ў цывільным, адзін з іх увесь час здымаў падеі на відэакамеру.
Сябра Руху “За свабоду” Алесь Лагвінец, якому адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам нібыта за парушэнні падчас збору подпісаў, звярнуў увагу грамадзянаў на актуальныя праблемы:
“Мы ўдзельнічаем у гэтай выбарчай кампаніі, каб казаць пра праблемы, пра якія мы і вы не чуем з дзяржаўнага тэлебачання і радыё. Мы ўсе падаткаплатнікі, мы плацім грошы, але на гэтыя грошы жывуць дармаеды-ідэолагі, на гэтыя грошы ўтрымліваюцца вялізарныя рэпрэсіўныя апараты, якія нам не патрэбныя. Нам расказваюць казку пра тое, што ў нас нібыта ўсё цывілізавана, як у Еўропе. Але ў Еўропе ёсць выбары! Ёсць павага адна да аднаго, ёсць магчымасці бараніць свае правы. Сёння ў нашых судах усе рашэнні прымаюцца толькі на карысць дзяржавы і чыноўнікаў. Падумайце, куды ідуць вашыя грошы? Падумайце таксама, ці ёсць у Беларусі будучыня з гэткай уладай? Такая ўлада не патрэбная нам, зараз час на мірныя змены. І Беларусь заслугоўвае лепшага”.
Праз некаторы час прыехалі аператар і журналіст Белтэлерадыёкампаніі, якія таксама здымалі пікет, але не бралі інтэрв'ю.
Людзі з большага праходзілі міма, спяшаючыся па сваіх справах. Аднак, некаторыя спыняліся, слухалі прамоўцаў, размаўлялі з імі ў прыватных гутарках.
Пікет цягнуўся каля 30 хвілін.