Хоцімск: на ўлётцы кандыдаткі-камуністкі – праваслаўны каляндар, сама агітацыйная прадукцыя – без выходных дадзеных
У гарадскім пасёлку Хоцімск і Хоцімскім раёне актыўна распаўсюджваюцца агітацыйныя ўлёткі ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83, старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Таццяны Марачкавай. У парушэнне Выбарчага кодэкса, на ўлётках адсутнічаюць выходныя дадзеныя.
Жыхар Хоцімска Валерый Каранкевіч выказвае сваё здзіўленне адсутнасцю якой-небудзь рэакцыі з боку акруговай выбарчай камісіі на відавочна незаконныя дзеянні кандыдата ў дэпутаты.
Між тым, у Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь ясна гаворыцца пра тое, што распаўсюд ананімных агітацыйных друкаваных матэрыялаў забараняецца.
Па звестках клімавіцкіх актывістаў, такія ж агітацыйныя ўлёткі Таццяны Марачкавай без выходных дадзеных распаўсюджваюцца і на тэрыторыі Клімавіцкага раёна. Мясцовыя жыхары да таго ж былі вельмі здзіўлены тым фактам, што кандыдат-камуніст Таццяна Марачкава змясціла ў гэтых улётках праваслаўны царкоўны каляндар на 2017 год. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі менавіта дзякуючы дзеянням камуністаў тысячы святароў і сотні тысяч вернікаў былі рэпрэсаваны за свае рэлігійныя перакананні.
Па словах Валерыя Каранкевіча, у апошнія дні жыхары Хоцімска пачалі атрымліваць у свае паштовыя скрыні запрашэнні ад участковых выбарчых камісій прыняць удзел у галасаванні на парламенцкіх выбарах. Пры гэтым на выбарчыя ўчасткі камісіі запрашаюць не грамадзян – выбаршчыкаў, а дамы і кватэры. Менавіта адрасы дамоў і кватэр запісаны ў адпаведнай графе дасланых запрашэнняў. Падобныя запрашэнні прыйсці на выбары “дамам і кватэрам” дасылаліся з некалькіх участковых выбарчых камісій у Хоцімску.