Апублікавана прамежкавая справаздача місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі ў Беларусі
31 жніўня апублікавана справаздача Місіі па назіранні за выбарамі БДІПЧ АБСЕ, якая распачала сваю працу ў Беларусі 2 жніўня.
РЭЗЮМЭ прамежкавай справаздачы
- 6 чэрвеня 2016 г. Прэзідэнт прызначыў дату выбараў Палаты Прадстаўнікоў на 11 верасня. Дэпутаты абіраюцца на чатырохгадовы тэрмін згодна з мажарытарнай сістэмай у 110 аднамандатных акругах.
- Выбарчае заканадаўства было значна змененае ў 2013 г. У дадатак да гэтага, у лютым 2016 г. была створана міжведамасная экспертная рабочая група па вывучэнні рэкамендацый, зробленых раней БДІПЧ/АБСЕ, якая перадала сем прапаноў, звязаных з тэхнічнымі аспектамі выбарчага працэсу, у Цэнтральную Выбарчую Камісію (ЦВК). ЦВК прыняла шэсць рэзалюцый, якія закранулі некаторыя з рэкамендацый. Значная колькасць папярэдніх рэкамендацыяў БДІПЧ/АБСЕ застаюцца без увагі.
- З 630 намінаваных кандыдатаў 521 быў зарэгістраваны. Дзевяноста тры намінаваных кандыдаты не былі зарэгістраваныя Акруговымі Выбарчымі Камісіямі (АВК), у большасці выпадкаў з-за недастатковай колькасці сапраўдных сабраных подпісаў, недакладнасцяў у дэкларацыях аб маёмасці і даходах і немагчымасці здаць неабходныя дакументы; 16 вылучэнцаў забрала свае заявы на рэгістрацыю. Закон дае АВК шырокія паўнамоцтвы па адмове ў рэгістрацыі. Міжнародныя і грамадзянскія назіральнікі не заўсёды мелі ў поўнай ступені магчымасць сачыць за працэсам рэгістрацыі.
- Правядзенне выбараў ажыццяўляецца чатырохузроўневай сістэмай выбарчых камісіяў, якая ўключае ЦВК, 6 абласных і Мінскую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію (ТВК), 110 АВК і 5 971 участковых выбарчых камісіяў (УВК). З моманту абвяшчэння выбараў ЦВК выдала некалькі пастаноў і правяла тры пубічныя сесіі. АВК падтрымліваюцца мясцовымі ўладамі, якія, у сваю чаргу, валодаюць некалькімі звязанымі з выбарамі кампетэнцыямі. Чальцамі АВК стала толькі нязначная колькасць асоб, вылучаных апазіцыйнымі арганізацыямі. На дадзены момант усе камісіі працуюць без парушэнняў устаноўленых законам тэрмінаў па адміністраванні выбараў.
- Не існуе цэнтралізаванай рэгістрацыі выбаршчыкаў. Спісы выбаршчыкаў складаюцца і абнаўляюцца АВК на падставе дадзеных, атрыманых ад мясцовых уладаў. Выбаршчыкі могуць быць зарэгістраваныя перад і ў дзень выбараў. ЦВК аб’явіла лічбу зарэгістраваных выбрашчыкаў па кожнай акрузе, агульнай колькасцю ў 6 999 127 чалавек па ўсёй краіне.
- Перадвыбарчая агітацыя строга рэгулюецца. На сённяшні дзень перадвыбарчая кампанія застаецца ў сваёй большасці нябачнай, а ўсе агітацыйныя мерапрыемствы, наведаныя Місіяй БДІПЧ/АБСЕ па назіранні за выбарамі, мелі невялікую колькасць наведвальнікаў. Некалькі кандыдатаў заявілі, што яны валодаюць абмежаванымі фінансавымі магчымасцямі ў сувязі з адменай дзяржаўнага фінансавання перадвыбарчых кампаній у 2013г.
- Існуе крымінальная адказнасць за дыскрэдытацыю, паклёп і абразу, якая распаўсюджваецца таксама і на анлайн-медыі. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі (СМІ) дамінуюць сярод і тэлерадыёвяшчальных, і друкаваных крыніц. Дзяржаўныя СМІ абавязаныя забяспечваць роўныя магчымасці для ўсіх кандыдатаў ад моманту іх рэгістрацыі.
- Місію па назіранні за выбарамі БДІПЧ/АБСЕ праінфармавалі пра 408 зваротаў і скаргаў, накіраваных у выбарчыя камісіі, мясцовыя органы ўлады і суды. Большасць з іх датычыла працэсаў рэгістрацыі кандыдатаў і прызначэння альбо дзейнасці выбарчых камісіяў. Большасць скаргаў на дадзены момант была адхіленая.
Поўны тэкст Справаздачы ў дадатку. Як адзначаюць аўтары Справаздачы, версія на англійскай мове з'яўляецца адзінай афіцыйнай версіяй гэтага дакумента, пераклады на беларускую і рускую мовы - неафіцыйныя.