Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Магілёве кандыдат ад Партыі БНФ патрабуе перавыдання плакатаў з яго фота

Магілёў. Зміцер Салаўёў падчас пікету. Фота mspring.online
Магілёў. Зміцер Салаўёў падчас пікету. Фота mspring.online

Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ па Магілёўскай-цэнтральнай выбарчай акрузе №85 Зміцер Салаўёў абвінаваціў акруговую камісію ў выкарыстанні няўзгодненага з ім фотаздымка.

Як адзначае Салаўёў у сваёй скарзе ад 31 жніўня ў аблвыбаркам, падчас рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты ён падаў у акруговую выбарчую камісію №85 (далей - АВК №85) сваю біяграфію і фатаграфію. На здымку яго партрэт быў на фоне банераў Партыі БНФ, дзе было намалявана шмат гербаў "Пагоня" з надпісамі пад кожным "Партыя БНФ". "Тэкст біяграфіі я ўзгадніў з АВК №85, а да фатаграфіі пытанняў у камісіі не было", - сцвярджае кандыдат.

"Аднак, калі я ўбачыў вырабленыя АВК №85 агульныя плакаты з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты, то выявіў, што на агульным плакаце надрукаваны іншы здымак, на якім я сфатаграфаваны ў іншай вопратцы і на чыста белым фоне, г.зн. на фоне фатаграфіі адсутнічае ўказаны банер Партыі БНФ", - указвае Зміцер Салаўёў.

Апазіцыянер адзначае, што ў выбарчым заканадаўстве нідзе не сказана, што кандыдаты павінны ўзгадняць з акруговымі камісіямі свае фатаграфіі, прызначаныя для размяшчэння на агульных плакатах, або што акруговыя камісіі маюць права па сваім меркаванні і без згоды кандыдатаў мяняць іх фатаграфіі на агульных плакатах. "Таму лічу такое абуральнае стаўленне АВК №85 да мяне грубым парушэннем выбарчага заканадаўства", - заяўляе Салаўёў і патрабуе абавязаць акруговую камісію неадкладна выняць усе надрукаваныя агульныя плакаты кандыдатаў і ў самыя кароткія тэрміны надрукаваць новыя агульныя плакаты з яго фатаграфіяй, прадстаўленай у камісію ў дзень рэгістрацыі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары