Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Смаргонская акруговая камісія вынесла папярэджанні двум дэмакратычным кандыдатам

    31 жніўня адбылося паседжанне Смаргонскай акруговай камісіі, у парадку дня якога быў разгляд парушэнняў выбарчага заканадаўства з боку кандыдата ад АГП Мікалая Уласевіча і кандыдата ад Партыі БНФ Івана Лагвіновіча.

   Камісія пастанавіла, што Мікалай Уласевіч дапусціў тры парушэнні, якія тычацца інфармавання ім камісіі аб сваіх дзеяннях. Так, у давераныя асобы кандыдат запісаў яшчэ аднаго кандыдата, але па іншай выбарчай акрузе – Івана Крука. Камісія палічыла, што калі на момант падачы заявы ў акруговую камісію аб рэгістрацыі давераных асоб Мікалай Уласевіч не ведаў пра тое, што Іван Крук будзе зарэгістраваны кандыдатам, то пасля даведаўся і павінен быў паведаміць камісіі аб спыненні паўнамоцтваў дадзенай даверанай асобы, але не паведаміў. 
   Другое пастаўленае яму ў віну парушэнне – Уласевіч у час не давёў да ведама камісіі, што адчыніў перадвыбарчы фонд. 
   Трэцяе мяркуемае парушэнне з гледзішча камісіі – у нядзелю, 28 жніўня, Мікалай Уласевіч распаўсюджваў у Смаргоні свае перадвыбарчыя ўлёткі, але папярэдне асобнік не перадаў у камісію. Асобнік зарэгістраваны ў камісіі толькі ў панядзелак, 29 жніўня. Мікалай Уласевіч на паседжанні спасылаўся на тое, што камісія ў нядзелю не працавала, і таму ён перадаў асобнік улёткі дзяжурнаму райвыканкаму для перадачы камісіі. А затым, не губляючы часу, адведзенага на агітацыю, пачаў распаўсюд улёткі. Старшыня камісіі Раіса Захарыч не адмаўляла факту перадачы Уласевічам улёткі дзяжурнаму. Тым не менш выказала меркаванне, што кандыдат парушыў выбарчае заканадаўства, бо ўлётка ад дзяжурнага паступіла ў камісію толькі ў панядзелак. 
   У выніку за гэтыя парушэнні – несвоечасовае інфармаванне камісіі –  Мікалаю Уласевічу было абвешчана папярэджанне аднагалосным рашэннем прысутных членаў камісіі. 
   Падчас паседжання многія сябры камісіі выказалі абурэнне зместам улёткі Мікалая Уласевіча. Маўляў, указанне ў ёй, што ён дырэктар школы, дэпутат, кіраўнік мясцовага Савета дэпутатаў без пазнакі, што гэта факт біяграфіі, а не сённяшнее становішча, уводзіць у зман выбаршчыкаў. Праўда, акрамя эмоцый, ніякіх прапаноў аб прыняцці захадаў да Уласевіча не паследавала. 

   Трэба заўважыць, што Мікалай Уласевіч цягам бягучай выбарчай кампаніі як ніхто з іншых кандыдатаў знаходзіцца пад надзвычай пільным сачэннем акруговай выбарчай камісіі і іншых дзяржаўных органаў, якія маюць дачыненне да выбарчага працэсу. Раней газета “Астравецкая праўда” не надрукавала перадвыбарчую праграму кандыдата. Па той прычыне, што нібыта ў ёй як быццам бы змяшчалася неадпаведная рэчаіснасці інфармацыя адносна апанента ад улады Адама Кавалько пра яго злоўжыванні ўладай.

   Потым запісаны тэлевізійны выступ Уласевіча не быў выпушчаны ў эфір Гродзенскага абласнога тэлебачання. Нібыта Уласевіч парушыў патрабаванні, якія змяшчаюцца ў частцы 1 артыкула 47 і частцы 1 артыкулу 75 Выбарчага кодэксу. Гэтыя артыкулы вызначаюць, што перадвыбарная праграма не павінна ўтрымліваць «прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, заклікаў, якія падахвочваюць або якія маюць на мэце заахвочванне да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асоб Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты».

   Ціск кандыдат звязвае з актыўнай пазіцыяй супраць пабудовы Астравецкай атамнай станцыі, будаўніцтва якой Мікалай Уласевіч заклікае неадкладна спыніць з-за пастаянных аварый, гібелі людзей на будоўлі і негалоснасці вакол працэсу пабудовы. У сваёй выбарчай праграме кандыдат таксама кажа пра карупцыю, якая склалася ў рэгіёне і кіруецца з самага цэнтру. Як прыклад Уласевіч прыводзіць інфармацыю пра іншага кандыдата – вылучэнца ўлады Адама Кавалько, у дачыненні да якога маюцца адмоўныя матэрыялы праверкі праваахоўчых ораганаў па раскрыцці эканамічных злачынстваў, якім чамусьці не даецца законны ход.

   Падчас паседжання 31 жніўня камісія таксама трэці раз вынесла на разгляд факт непрадстаўлення кандыдатам ад Партыі БНФ Іванам Лагвіновічам у камісію даведкі з месца працы аб адпачынку на час наяўнасці ў яго статусу кандыдата. Як вядома, спачатку камісія абвесціла яму папярэджанне за гэта, а на наступны дзень прыпыніла яго дзеянне і прызначыла  кандыдату тэрмін для прадстаўлення даведкі. Але той дакумент так і не прадставіў. На гэтай падставе камісія аднавіла дзеянне папярэджання Івану Лагвіновічу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары