Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Магілёве кандыдат ад АГП заявіў аб зрыве дырэктарам школы сустрэчы з выбаршчыкамі

Алег Аксёнаў.
Алег Аксёнаў.

Кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85 Алег Аксёнаў абвінаваціў дырэктара СШ №21 у зрыве перадвыбарчага сходу.

Як паведаміў Алег Аксёнаў, увечары 30 жніўня ў яго мелася адбыцца перадвыбарчая сустрэча з выбаршчыкамі ў актавай зале СШ №21. Аднак, калі ён і яго давераныя асобы прыйшлі на сустрэчу, зала была занятая, а дырэктар школы Галіна Віктарава паведаміла, што яе ніхто не папярэдзіў адносна перадвыбарчага сходу Аксёнава.

"Мы прыйшлі ў акруговую камісію і там высветлілі, што дырэктар школы хлусіла наўмысна, калі казала, што яе ніхто не папярэдзіў і ў яе няма ніякіх паведамленняў. У акруговай камісіі нам адразу паказалі копію паперы, якую ёй накіроўвалі, падцвердзілі, што яна яе атрымала. Калі мы вярнуліся ў школу, то дырэктар падцвердзіла, што ведала пра запланаваны сход, але паводзіны свае нічым не патлумачыла", - распавёў Алег Аксёнаў. 

Паводле яго, дырэктар не пажадала прадаставіць і нейкую іншую залу для сустрэчы з выбаршчыкамі, якія ўжо збіраліся. "Яна катэгарычна адмовіла, прычым у грубай і абразлівай форме", - заявіў кандыдат у дэпутаты.

Аксёнаў адзначыў, што сведкамі ўчарашніх падзей сталі доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЕ. 

"Скаргу мы пакінулі, напісаўшы ад рукі, у акруговай камісіі. Няхай цяпер з ёй разбіраецца акруговая камісія і адміністрацыя Ленінскага раёна. У нас жа ў гэтай школе запланавана яшчэ адна сустрэча з выбаршчыкамі", - паведаміў апазіцыйны дзеяч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары