Кандыдатка Ірына Яскевіч: “Усе месцы для пікетаў пазаймалі без мяне. Але пікетаў ніхто не праводзіць”
Віцебская актывістка партыі АГП з’яўляецца кандыдатам па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20. У адказ на сваё пажаданне зладзіць інфармацыйныя пікеты яна пачула: “Да 10 верасня ўсе пляцоўкі ўжо распісаныя і занятыя. Дамаўляйцеся самі з вашымі канкурэнтамі”. Аднак дамовіцца няма з кім: пікетаў у вызначаных месцах ніхто не праводзіць.
На трыторыі Кастрычніцкай выбарчай акругі ўсяго тры вулічныя пляцоўкі для правядзення агітацыйных пікетаў: у парку на рацэ Віцьба і дзве дваровыя пляцоўкі – каля дому №63-1 па вуліцы Праўды і каля дому №7 па вуліцы Лазо.
“У аддзеле ідэалогіі Кастрычніцкай раённай адміністрацыі мне сказалі, што расклад пікетаў ужо ёсць, і ён такі: штодня ўсе пляцоўкі занятыя агітацыяй за дзеючага дэпутата Аляксандра Цацоху, за сябра КПБ Уадзіміра Якаўлева і за прадстаўніка ЛДП Дзмітрыя Езафатава. Вольным застаўся толькі час з 15.00 да 16.00, і тое не паўсюль і не штодня. Я тут жа зрабіла спробу пад’ехаць на пікет на вуліцу Праўды, каб дамовіцца з супернікамі ці іх прадстаўнікамі і ўсталявацца на пікет побач. Аднак нікога там не знайшла. Жыхары бліжэйшых дамоў сказалі, што аніякіх пікетаў тут не бачылі ні разу”, - распавяла Ірына Яскевіч.
Адзіна магчымая тактыка, на думку кандыдаткі – гэта рабіць пікеты на працягу вольнай гадзіны, а далей глядзець па абставінах: калі апаненты не з’явяцца, то працягваць далей, а калі прыйдзе каманда супернікаў, то ўсё ж паспрабаваць дамовіцца і “падзяліць тэрыторыю”.
Ірына Яскевіч адзначае, што месцы для пікетаў “замоўлены”, але не выкарыстоўваюцца, тым часам як некаторыя канкурэнты праводзяць агітацыю іншым, часам незаконным чынам:
“Я звярнулася ў акруговую камісію са скаргай, што дзеючы дэпутат Аляксандр Цацоха праводзіў сустрэчу з выбаршчыкамі ў філармоніі. Мала таго, што ў працоўны час, дык гэтае месца не ўваходзіць у пералік вызначаных для сустрэч. Але ў камісіі ў адказ на скаргу мне сказалі, што спадар Цацоха сустракаўся з выбаршчыкамі не як кандыдат, а як дзейны дэпутат, і да ўсяго – дэлегат Усебеларускага сходу”.
На думку Ірыны Яскевіч, гэта супярэчыць тэзе пра роўнасць усіх кандыдатаў, прадэклараваную ў выбарчым заканадаўстве.