Яшчэ раз пра падлік галасоў
11 верасня 2016 года скончыцца кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Скончыцца падлікам галасоў. Менавіта той працэдурай, якая трымаецца за самай вялікай заслонай сакрэтнасці. Менавіта той працэдурай, якую больш за ўсё крытыкуюць нацыянальныя незалежныя назіральнікі, міжнародныя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ, удзельнікі выбарчай кампаніі з ліку прадстаўнікоў апазіцыі. Традыцыйна ў рэкамендацыях назіральнікаў адлюстраваная неабходнасць празрыстага падліку галасоў.
У выніковай справаздачы міжнароднай місіі БДІПЧ АБСЕ па выніках назірання за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2015 года гэтая рэкамендацыя гучыць наступным чынам:
Трэба ўстанавіць і строга выконваць зразумелыя і празрыстыя працэдуры для падліку. Варта разгледзець магчымасць абвяшчаць i паказваць выбар на кожным выбарчым бюлетэні. Падвядзенне вынікаў выбараў і запаўненне выніковых пратаколаў трэба праводзіць ў адкрытай манеры, якая забяспечвае магчымасць паўнавартаснага назірання.
Працэдура падліку галасоў у Беларусі
На дадзены момант падлік галасоў у Беларусі нагадвае спецаперацыю. Сябры камісіі, павярнуўшыся спінамі да назіральнікаў, моўчкі лічаць кожны свою частку бюлетэняў. Потым, у поўным маўчанні, вынікі падліку галасоў перадаюцца, як правіла, старшыні камісіі, які складае часткі падлікаў кожнага, а затым выдае выніковы пратакол галасавання на выбарчым участку. Такім чынам, сябры камісіі, падпісваючы выніковы пратакол, фактычна пацвярджаюць лічбы, якіх самі не бачылі, бо маюць уяўленне толькі пра тую невялікую частку бюлетэняў, якую падлічвалі самі, і павінны давяраць як іншым сябрам камісіі, так і магічнай здольнасці старшыні камісіі правільна складаць лічбы. Назіральнікі ж могуць у лепшым выпадку сачыць за маніпуляцыямі з аркушамі паперы на стале, а ў горшым – разглядаць спіны сябраў камісіі.
Такім чынам, дзейнічае класічная кругавая парука, калі ніхто з сябраў камісіі не задаецца пытаннем, адкуль і як узяліся выніковыя лічбы ў пратаколе, але пры гэтым кожны з сябраў паасобку сумленна падлічыў свае бюлетэні, а лічбы перадаў старшыні. Кожны з удзельнікаў такога падліку, хіба акрамя асобы, якая выдае канчатковыя агульныя лічбы, можа казаць, што ён не фальсіфікаваў вынікі выбараў, што падлік быў сумленны.
Выкажу сваё меркаванне, што калі б беларускія ўлады пайшлі на празрыстую працэдуру падліку, то высновы аб прэзідэнцкіх выбарах у выніковай справаздачы міжнародных назіральнікаў былі б больш пазітыўнымі.
Напярэдадні парламенцкіх выбараў 2016 года ўлады вырашылі палепшыць свой імідж і паспрабавалі, не змяняючы сутнасць спецаперацыі, стварыць бачнасць празрыстага падліку галасоў.
У канцы 2015 года была створана міжведамасная працоўная група па змене практыкі прымянення выбрачага заканадаўства. Генератарам гэтай групы выступіла ЦВК, якая вуснамі сваёй старшыні Лідзіі Ярмошынай паведаміла, што адной з асноўных зменаў павінна быць сістэма празрыстага падліку галасоў.
Вынік працы групы быў адлюстраваны ў Зборніку метадычных рекамендацыяў для ўчастковых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання, які быў зацверджаны Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь №10 ад 17 мая 2016г. Як адказ на крытыку аб непразрыстасці падліку галасоў там была змешчана наступная схема расстаноўкі прысутных на ўчастку ў час падліку галасоў.
Такім чынам, не змяняючы сутнасці (бо сябры камісіі па-ранейшаму лічаць асобна свае бюлетэні), прапануецца размясціць назіральнікаў так, каб яны бачылі не спіны сябраў камісіі, а іх твары і маніпуляцыю з падлікам галасоў. У такой сітуацыі назіральнік, натуральна, не можа адсачыць, што волевыяўленне кожнага выбаршчыка, якое адлюстравана ў бюлетэні, падлічана правільна.
Нацыянальныя незалежныя назіральнікі адразу ж заявілі, што не мае значэння, дзе знаходзяцца назіральнікі (іх можна пасадзіць нават пасярод стала), бо, калі не змененая працэдура і не дэманструецца кожны бюлетэнь усім сябрам камісіі і назіральнікам, такі падлік галасоў не будзе прызнаны празрыстым.
На гэтую крытыку Лідзія Ярмошына хутка заявіла, што камісіі не маюць права паказваць бюлетэні, бо гэта не прадугледжана Выбарчым кодэксам.
У гэтым адказе цікавая эвалюцыя юрыдычнай думкі Цэнтральнай камісіі. Калі яшчэ падчас прэзідэнцкіх выбараў кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прапаноўвала ЦВК увесці празрыстую працэдуру падліку галасоў, тады ЦВК адказала, што гэта павінна вырашаць кожная выбарчая камісія. Але пры такой пазіцыі цяжка тлумачыць, чаму ЦВК не ўніфікуе падыход, калі ён сапраўды правамерны. Таму і прыдумалі спасылацца на артыкул 55 Выбарчага кодэксу. Але гэты артыкул увогуле не ўтрымлівае дакладнага алгарытму дзеянняў камісіі пры падліку галасоў. Гэты артыкул указвае на чарговасць дзеянняў і працэдур пры падліку галасоў і тое, што падлік ажыццяўляецца непасрэдна сябрамі камісіі. Так, з гэтым ніхто і не спрачаецца: натуральна, лічыць галасы павінны толькі сябры камісіі. Але не кожны свой стос бюлетэняў. Падлік мусіць весціся адным сябрам камісіі, які агучвае волевыяўленне выбаршчыка і дэманструе кожны бюлетэнь усім сябрам камісіі і назіральнікам.
Менавіта такая працэдура прадугледжана ў заканадаўстве ўсіх краінаў-суседзяў Беларусі. Беларусь - адзіная краіна ў рэгіёне, дзе адбываецца таемная спецаперацыя, якую нашыя ўлады горда называюць падлікам галасоў.
Нават калі паглядзець хіба што адзіны міжнародны акт, які Беларусь ратыфікавала ў галіне выбараў, - Канвенцыю аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у дзяржавах – удзельніцах СНД, то ў артыкуле 14 Канвенцыі, дзе рэгламентуюцца правы нацыянальных назіральнікаў, сказана, што назіральнік мае права "назіраць за падлікам галасоў выбаршчыкаў ва ўмовах, якія забяспечваюць агляднасць працэдуры падліку бюлетэняў".
Ключавым тут варта лічыць менавіта агляднасць бюлетэняў, якая застаецца немагчымай як для нацыянальных, так і міжнародных назіральнікаў.
Працэдура падліку галасоў у постсавецкіх краінах
Прапаную невялікі агляд нормаў выбарчага заканадаўства, у якіх адлюстравана працэдура падліку галасоў, іншых краінаў рэгіёна.
Расійская Федэрацыя
Федэральны Закон аб выбарах дэпутатаў Дзяржаўнай Думы ад 14 лютага 2014 г. Артыкул 84:
Пры сартаванні выбарчых бюлетэняў сябры ўчастковай выбарчай камісіі з правам вырашальнага голасу абвяшчаюць адзнакі выбаршчыка, якія змяшчаюцца ў выбарчым бюлетэні, і прадстаўляюць выбарчыя бюлетэні для візуальнага кантролю асобам, прысутным пры падліку галасоў выбаршчыкаў. Адначасовае абвяшчэнне адзнакаў выбаршчыкаў, якія змяшчаюцца ў двух і больш выбарчых бюлетэнях, не дапускаецца.
Простая і зразумела. Нават адлюстравана, што нельга агучваць вынікі галасавання адразу з двух бюлетэняў.
Азербайджан
Артыкул 42 Выбарчага кодэксу Азербайджанскай Рэспублікі кажа, што назіральнік мае права:
42.2.7. прысутнічаць пры падліку галасоў выбаршчыкаў у прымальных для назірання ўмовах і на вызначанай адлегласці; пры падліку галасоў, праглядаць канверт для ўкладання выбарчых бюлетэняў, кожны запоўнены або незапоўненыя бюлетэнь з мэтай праверкі сапраўднасці пададзенага голасу; знаёміцца з пратаколам выбарчай камісіі па выніках галасавання і выніках (агульных выніках) выбараў (рэферэндуму), а таксама іншымі дакументамі.
Арменія
Артыкул 60 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Арменія:
Пасля сартавання ўсіх выбарчых бюлетэняў, якія знаходзяцца ў выбарчай скрыні, старшыня камісіі ў прысутнасці сябраў камісіі па адным падлічвае колькасць прызнаных несапраўднымі выбарчых бюлетэняў, галасоў, пададзеных супраць усіх, а таксама галасоў, пададзеных за кожнага кандыдата (партыю). На падставе атрыманых вынікаў падлічваецца агульная колькасць сапраўдных выбарчых бюлетэняў устаноўленага ўзору і галасоў, пададзеных за кандыдатаў. Падлічаныя і адсартаваныя выбарчыя бюлетэні пакуюцца і запячатваюцца ва ўстаноўленым Цэнтральнай выбарчай камісіяй парадку.
Відавочна, што да стандартаў свабодных і справядлівых выбараў такім краінам, як Расія, Арменія і Азербайджан, вельмі далёка, але ў іх заканадаўстве замацаваны менавіта празрысты падлік галасоў. Таму фальсіфікацыі выбараў адбываюцца на этапе галасавання, а не пры падліку галасоў. Таму ў гэтых краінах фіксуюцца факты ўкідвання бюлетэняў, подкупу выбаршчыкаў, іншыя тэхналогіі фальсіфікацыі.
У нас усё значны прасцей. Пры поўным адміністратыўным кантролі за падлікам галасоў не мае значэння, што рэальна адлюстравана ў бюлетэні, бо праверыць гэтыя лічбы немагчыма.
Паглядзім, як ідуць справы ў краінах, дзе менавіта фальсіфікацыі выбараў былі адной з прычынаў змены ўлады.
Малдова
Выбарчы кодэкс Рэспублікі Малдова ў Артыкуле 56 дае наступнае апісанне падліку галасоў:
Выбарчы ўчастак павінен быць забяспечаны дастатковай колькасцю сталоў для таго, каб усе вынятыя са скрыняў для галасавання выбарчыя бюлетэні маглі быць падлічаныя ў адным месцы на вачах ва ўсіх сябраў участковага выбарчага бюро і іншых прысутных асобаў. На сталах, якія выкарыстоўваюцца для падліку галасоў, усталёўваюцца сцяжкі з найменнямі або прозвішчамі канкурэнтаў на выбарах.
Малдоўскі досвед цікавы тым, што сам кодэкс, як і яго беларускі адпаведнік, не ўтрымлівае дакладнай працэдуры падліку галасоў. Вызначэнне працэдуры падліку галасоў аднесена да кампетэнцыі выбарчых камісіяў рознага ўзроўню.
Частка 7 Артыкула 56 Кодэкса аб выбарах Рэспублікі Малдова:
Паводле працэдуры, устаноўленай участковым выбарчым бюро альбо прадпісанай Цэнтральнай выбарчай камісіяй або акруговым выбарчым саветам, сябры ўчастковага выбарчага бюро адкрываюць выбарчыя бюлетэні і вызначаюць, за якога канкурэнта на выбарах пададзены голас. Бюлетэні з галасамі, пададзенымі за кожнага канкурэнта на выбарах, падлічваюцца і перавязваюцца паасобна, а вынікі падліку ўносяцца ў спецыяльны бланк для падліку галасоў і перадаюцца ў вышэйстаячы выбарчы орган.
Усе адзначаныя органы традыцыйна вызначаюць працэдуру, сыходзячы з таго, што сябры камісіі і назіральнікі павінны пры падліку галасоў бачыць кожны бюлетэнь.
Такім чынам, працэдура празрыстага падліку галасоў можа быць урэгулявана і пастановамі выбарчых камісіяў, была б толькі воля правесці сапраўды празрыстыя і справядлівыя выбары.
Украіна
Артыкул 90 Закона Украіны "Аб выбарах народных дэпутатаў Украіны" п.15:
Пры раскладанні выбарчых бюлетэняў пэўнай участковай выбарчай камісіяй сябра ўчастковай выбарчай камісіі паказвае кожны выбарчы бюлетэнь усім сябрам выбарчай камісіі, прамаўляючы вынік волевыяўлення выбаршчыка. У выпадку ўзнікнення сумневаў у сябраў выбарчай камісіі адносна зместу выбарчага бюлетэня выбарчая камісія вырашае гэтае пытанне шляхам галасавання. Пры гэтым кожны сябра выбарчай камісіі мае права асабіста агледзець выбарчы бюлетэнь. На час агляду выбарчага бюлетэня праца з іншымі выбарчымі бюлетэнямі спыняецца.
Грузія
Артыкул 62 Выбарчага кодэкса Грузіі апісвае дасканалую працэдуру падліку галасоў:
-
Участковая выбарчая камісія падлічвае выбарчыя бюлетэні з захаваннем наступнага парадку: а) першы лічыльнік дастае выбарчы бюлетэнь з адмысловага канверта, абвяшчае, за каго пададзены голас, і перадае выбарчы бюлетэнь аднаго віду другому лічыльніку, іншага віду - трэцяму лічыльніку і т. д., а адмысловы канверт кладзе асобна. Лічыльнікі складаюць выбарчыя бюлетэні па адным у адпаведнасці з галасамі, пададзенымі за кожнага выбарчага суб'екта; б) асобна складаюцца выбарчыя бюлетэні неўстаноўленага ўзору і бюлетэні, прызнаныя лічыльнікамі несапраўднымі, асобна - выбарчыя бюлетэні, сапраўднасць якіх была прызнаная сумнеўнай.
-
Выяўлены з ліку назіральнікаў адзін назіральнік становіцца побач з названым у падпункце «а» пункта першага гэтага артыкула другім лічыльнікам, а другі назіральнік - побач з указаным у тым жа падпункце трэцім лічыльнікам. Яны маюць права сачыць за ўсёй працэдурай падліку, указваць на памылкі, патрабаваць выпраўлення памылак, а ў выпадку невыканання патрабаванняў абскардзіць дзеянні ўчастковай выбарчай камісіі ў вышэйстаячай акруговай выбарчай камісіі, а потым - у судзе. Асобы, якія маюць права знаходзіцца ў памяшканні для галасавання, маюць права рэкамендаваць лічыльніку асобна адкладаць выбарчыя бюлетэні, сапраўднасць якіх прызнаная сумнеўнай.
Трэба адзначыць, што гэта адзіны з прааналізаваных законаў, дзе пры падліку галасоў замацаваны і шырокія паўнамоцтвы назіральнікаў. Увесь кодэкс, і дадзены артыкул у прыватнасці, чытаецца, як весткі з іншай планеты. Для нас такая працэдура, сапраўды, космас.
Такім чынам, беларускі закон у галіне выбараў, яго практыка прымянення выглядае архаічнай і абсалютна непразрыстай у параўнанні нават з краінамі рэгіёна.
Напрыканцы спецыяльна для Лідзіі Ярмошынай, калі яна гэта чытае, хацелася б працытаваць адзін фрагмент з Палажэння аб выбарах у Вярхоўны Савет СССР, зацверджанага Указам Прэзідыўма ВС СССР ад 9 студзеня 1950 №2. Калі беларускай уладзе падабаецца рэтра, то гэта без зменаў можна ўносіць у заканадаўства аб выбарах:
Глава VIII
Вызначэнне вынікаў выбараўАртыкул 85. У памяшканні, дзе ўчастковая выбарчая камісія праводзіць падлік галасоў, пры падліку галасоў маюць права прысутнічаць спецыяльна на тое ўпаўнаважаныя прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і таварыстваў працоўных, а таксама прадстаўнікі друку.
Артыкул 87. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі агалошвае ў прысутнасці ўсіх сябраў участковай выбарчай камісіі вынікі галасавання па кожным бюлетэні.
Уладзімір Лабковіч,
адзін з каардынатараў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”