Кандыдата ў дэпутаты Вольгу Маёраву пакаралі штрафам за пікет у падтрымку маці Юрыя Захаранкі
30 жніўня кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі па Усходняй акрузе №107 г. Мінска Вольгу Маёраву аштрафавалі за ўдзел у пікеце ў падтрымку Ульяны Захаранкі – маці зніклага экс-міністра ўнутранных спраў Юрыя Захаранкі, паведамляе прэс-служба АГП.
Суд Першамайскага раёна г. Мінска вынес рашэнне аб прыцягненні кандыдата да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафа памерам у 50 базавых велічынь. Гэта ўжо трэці штраф, які накладаецца на Вольгу Маёраву за перыяд перадвыбарнай кампаніі.
«Сімвалічна, што разгляд гэтай адміністрацыйнай справы адбыўся менавіта сёння, 30 жніўня, у Міжнародны дзень зніклых людзей, – адзначыў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які прыйшоў у суд падтрымаць Вольгу Маёраву. – У аснове гэтай справы – пікет у падтрымку Ульяны Захаранкі каля будынку гарадскога суда, у якім узялі ўдзел многія палітыкі, патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты. Тое, што там адбывалася, праходзіла ў фармаце перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў. Тым не менш спрацаваў судовы канвеер, і Вольга Маёрава прызнаная вінаватай і пакараная штрафам.
Канешне, гэта брутальна. Тут ярка выяўленая палітычная падаплёка. Мы ў судзе гаварылі пра тое, што для нас справа зніклых Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара – гэта адзін з прыярытэтаў і частка нашай перадвыбарчай платформы. Таму, калі ёсць спроба проста заткнуць нам рот, то нічога не атрымаецца».
Нагадаем, пікет у падтрымку Ульяны Захаранкі каля Мінскага гарадскога суда адбыўся 1 жніўня – у дзень разгляду скаргі маці зніклага палітыка на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна, які не прызнаў Юрыя Захаранку без вестак адсутным.
Юрый Захаранка знік ўвечары 7 траўня 1999 году.