Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Салігорск: назіральнікі фіксуюць выкарыстаенне адміністрацыйнага рэсурсу за праўладнага кандыдата

Білборд кандыдата Андрэя Рыбака ў Салігорску.
Білборд кандыдата Андрэя Рыбака ў Салігорску.

Мясцовыя прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” атрымліваюць інфармацыю аб выкарыстанні галоўным кандыдатам улады па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 Андрэем Рыбаком адміністрацыйнага рэсурусу.

Як вядома, адной з давераных асоб Андрэя Рыбака з’яўляецца дырэктарка дзяржаўнага швачнага прадпрыемства “Купалінка” Таццяна Ярота, якая да 2014 году была намеснікам дырэктара па ідэалагічнай працы. Па атрыманых незалежнымі назіральнікамі дадзеных, па распараджэнні спадарыні Яроты асобныя работнікі фабрыкі ў працоўны час і з выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці арганізоўвалі і ладзілі пікеты ў падтрымку кандыдата Андрэя Рыбака каля гарадскога рынка “Кастрычніцкі”.

Варта адзначыць, што Таццяна Ярота ўжо не аднойчы трапляла ў скандалы падчас розных выбарчых кампаній. Сваю вядомасць яна атрымала яшчэ падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Тады на салігорскім выбарчым участку №14, на якім яна з’яўлялася старшынёй камісіі, незалежнымі назіральнікаі было зафіксавана незаконнае ўскрыццё скрыні для датэрміновага галасавання. Пры падліку галасоў высветлілася, што ў дадзенай скрыні за кандыдата Аляксандра Лукашэнку “прагаласавала” ажно 98%. На парламенцкіх выбарах 2012 года спадарыня Ярота ўзначальвала акруговую камісію Салігорскай сельскай выбарчай акругі. Тады незалежныя назіральнікі на адным з выбарчых участкаў па гэтай акрузе зафіксавалі штучнае змяншэнне колькасці выбаршчыкаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары