Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Кіраўнік акруговай камісіі ў Барысаве скажае інфармацыю для назіральнікаў АБСЕ

Сустрэча назіральнікаў АБСЕ са старшынёй АВК Барысаўскай сельскай акругі №63. Фота edinstvo.by
Сустрэча назіральнікаў АБСЕ са старшынёй АВК Барысаўскай сельскай акругі №63. Фота edinstvo.by

25 жніўня на сайце газеты Барысаўскага выканкаму “Адзінства” з’явілася інфармацыя аб тым, што Барысаўскую сельскую выбарчую акругу №63 наведалі доўгатэрміновыя назіральнікі місіі АБСЕ і сустрэліся з кіраўніком акруговай камісіі. У размове з імі старшыня АВК Пётр Навіцкі распавёў пра дзейнасць камісіі. Сярод іншага ён заўважыў, што “ніякіх скаргаў у акруговую выбарчую камісію не паступала. Зварот у камісію паступіў ад прадстаўніка БХК А. Мацкевіча і тычыўся дазволу прысутнічаць на паседжанні камісіі падчас праверкі подпісаў выбаршчыкаў. Просьба была цалкам задаволена”.

Назіральнік Алег Мацкевіч адзначае, што дадзеная інфармацыя скажоная. Ён сапраўды звяртаўся ў АВК, але з іншай просьбай: дазволіць прысутнічаць пры працэдуры праверкі подпісаў выбаршчыкаў, якая, як гэта вядома, праводзіцца сябрамі камісіі па-за рамкамі паседжання. У гэтым яму адмовілі. Скаргі ў Мінскую абласную і Цэнтральную камісію засталіся без задавальнення.

Па словах Алега Мацкевіча, гэта не першы раз, калі АВК Барысаўскай сельскай выбарчай акругі дае непраўдзівую інфармацыю. Раней ён звярнуўся са скаргай у Мінскую абласную камісію на дзеянні АВК пры разглядзе заявы кандыдата ў дэпутаты І. І. Зелянкевіч аб зняцці сваёй кандыдатуры. 17 жніўня на паседжанні акруговай камісіі была зачытана заява І. І. Зелянкевіч, у якой не былі ўказаны прычыны зняцця з выбараў. Камісія прагаласавала за задавальненне просьбы кандыдата без высвятлення прычын і абставінаў такога ўчынку, чым парушыла патрабаванні выбарчага заканадаўства. Але Мінская абласная камісія “ўстанавіла”, што ў заяве І. І. Зелянкевіч “была названа прычына зняцця кандыдатуры – сямейныя абставіны. Прычына была прызнана істотнай. Пры абмеркаванні было адзначана, што неабходна ўнесці змены ў раней зацверджаны бюлетэнь”. У пацверджанне гэтай пазіцыі ў адказе спасылаюцца на адсутнасць заўваг з боку іншага назіральніка, прысутнага на паседжанні 17 жніўня – Скаўлюка В. С., які прадстаўляе Камуністычную партыю Беларусі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары