На віцебскіх незалежных кандыдатаў распаўсюджваюць дыскрэдытуючыя матэрыялы ў сацыяльных сетках
Невядомыя асобы, якія хочуць дыскрэдытаваць дэмакратычных актывістаў, выкарыстоўваюць фота- і відэаматэрыялы з інтэрнэту. У выніку ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” з’явіліся відэаролікі з пікетаў Тацяны Севярынец, Алены Шабуні і Георгія Станкевіча, але з зусім іншым гукавым шэрагам. Актывісты мяркуюць, што пры падрыхтоўцы ролікаў маглі быць выкарыстаны відэазапісы, зробленыя міліцэйскімі аператарамі.
Спевы гімна “Магутны Божы” 27 ліпеня, за якія на трох актывістаў завялі адміністрацыйныя справы, аўтар відэароліка замяніў на нецэнзурную лаянку. Зусім іншы змест набыў і відаэролік, зняты на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты Тацяны Севярыне і Алены Шабуні каля гандлёвага цэнтра “GREEN”.
Актывісты згадваюць, што нешта падобнае ўжо здаралася і падчас ранейшых выбарчых кампаній.
“Убачыўшы відэа з пікета каля крамы “GREEN”, мы спачатку толькі пасмяяліся і вырашылі, што не будзем звяртаць увагі на глупствы”, - адкаментавала наяўнасць “кампрамату” ў сацыяльных сетках Таццяна Севярынец.
Але відэа, на якім актывісты спявалі гімн “Магутны Божа”, пераробленае на нецэнзурныя спевы, Алена Шабуня лічыць ужо не глупствам, а абразай:
“Па-першае, мы веруючыя людзі, і гэта проста блюзнерства, калі нехта дазваліў сабе такія рэчы! Па-другое, замест нашых спеваў гучаць такія адборныя мацюкі, што прыкра слухаць. Такое выкладаць у інтэрнт проста немагчыма! У нас мусяць быць адказныя службы, якія ў стане вылічыць аўтара ці хаця б распаўсюднікаў, і загадаць выдаліць гэтую брыдоту! Па-трэцяе, у мяне шмат пытанняў да таго, што гэта ўвогуле за відэазапіс: з такіх ракурсаў нас здымалі толькі міліцыянты. І падчас збору подпісаў, і падчас спеваў. Атрымліваецца, ролік з брыдкай лаянкай змантажаваў той, хто мае доступ да міліцэйскага архіву відэазапісаў?”
Актывісткі рыхтуюць скаргу ў пракуратуру ды іншыя інстанцыі, каб аўтараў роліка знайшлі і пакаралі.
Да слова, гісторыя са спевамі на пікеце па зборы подпісаў 27 ліпеня яшчэ не скончаная. Неўзабаве пасля падзеі актывістаў выклікалі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі, дзе паведамілі, што праводзіцца праверка ў межах распачатай адміністрацыйнай справы за несанкцыянаваную масавую акцыю. Праз колькі дзён справы скасавалі, бо не знайшлі прыкметаў правапарушэння. Але з 23 ліпеня справы зноў адчынены па загадзе ўжо абласной міліцэйскай управы. 31 ліпеня Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч мусяць з’явіцца ў Кастрычніцкі РАУС, каб зноў даваць тлумачэнні, але ўжо іншаму міліцыянту – Сяргею Вяраксу, ужо вядомаму ў Віцебску складальніку адміністрацыйных справаў супраць актывістаў і незалежных журналістаў.