У Магілёве прадстаўнік апазіцыі падаў скаргу на “выкарыстанне перавагаў службовага становічша” праўладным кандыдатам
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў заявіў аб незаконным выкарыстанні кандыдатам у дэпутаты па Магілёўскай-Прамысловай акрузе №87 Пятром Салаўёвым "перавагаў свайго службовага становішча".
Як сцвярджае Шанцаў у скарзе, накіраванай у акруговую выбарчую камісію №87, 27 жніўня прадстаўнікі Салаўёва, які працуе галоўным інжынерам - першым намеснікам генеральнага дырэктара ААТ "Магілёўхімвалакно", прыехалі на службовым мікрааўтобусе, дзярж. № 0103 ВІ-6, за рулём якога сядзеў штатны кіроўца. "Яны выгрузілі стол, крэслы, плакаты, а я падышоў да кіроўцы і ў нязмушанай размове высвятліў, што гэта службовая машына ААТ "Магілёўхімвалакно". Я назіраў за пікетам кандыдата Салаўёва П.А. яшчэ хвілін 40 і потым пайшоў, а пікет прадоўжыўся далей. Увесь гэты час указаная службовая машына стаяла побач на стаянцы. Там жа знаходзіўся і яе штатны кіроўца. Абгрунтавана мяркую, што гэтая службовая машына дачакалася заканчэння пікету, забрала ўдзельнікаў і іх маёмасць і развезла іх туды, куды яны сказалі", - адзначае Шанцаў.
Паводле яго, факт незаконнага выкарыстання кандыдатам Салаўёвым свайго службовага становішча пацвярджаецца фотаздымкам мікрааўтобуса з дзярж. № 0103 ВІ-6 на стаянцы каля названага супермаркета "Квартал" і фота пікету з побач стаячым кіроўцам. Дадзены факт могуць пацвердзіць і іншыя ўдзельнікі пікету, адзначае апазіцыянер.
Ён указвае, што, згодна з Выбарчым кодэксам, кандыдат у дэпутаты не мае права выкарыстоўваць перавагі свайго службовага становішча ў інтарэсах абрання. Шанцаў просіць акруговую камісію №87 адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата Салаўёва за выкарыстанне пераваг свайго службовага становішча.