Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Праўладная кандыдатка са Светлагорску праводзіць агітацыю па вёсках з канцэртамі

Кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай акрузе Галіна Філіповіч на сустрэчы з выбаршчыкамі.
Кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай акрузе Галіна Філіповіч на сустрэчы з выбаршчыкамі.

Кандыдатка па Светлагорскай акрузе, дзеючая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Галіна Філіповіч працягвае агітацыю па вёсках з канцэртамі. 24 жніўня яна пабывала ў рабочым пасёлку Сасновы Бор – выступала перад насельніцтвам у мясцовым Доме культуры. Пра сустрэчу ў мясцовай прэсе не паведамлялі.

Кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай акрузе Галіна Філіповіч на сустрэчы з выбаршчыкамі.

27 жніўня кандыдатка наведала Якімаву Слабаду, 28 жніўня – вёску Хутар. «Усё як заўсёды - выступ кандыдаткі, пасля спевы-танцы, канцэрт для электарату. У Хутары мясцовы жыхар нападпітку пасля выступленьня Філіповіч запанібрата абдымаў яе. Кажуць - сцярпела, не адпіхнула. Але людзі жартавалі потым, што сцярпела толькі да 11 верасня, дня выбараў, а пасля загрыміць вясковец за краты за такія вольнасці», - адзначае назіральніца Алена Маслюкова.

Між тым, пакуль па вёсках раёна ездзіць толькі праўладная кандыдатка. Так, 19 жніўня Галіна Філіповіч пабывала на двух «святах вёскі» - у Прудку і Маісееўцы. Выступала там перад вяскоўцамі. А разам з ёй у вёсках Прудок ды Маісееўка выступалі і мясцовыя артысты па накіраванні аддзела ідэалагічнай працы і культуры.

27 жніўня з'явіліся агітацыйныя друкаваныя матэрыялы кандыдата ад АГП Анатоля Змітровіча. Каля Гандлёвага цэнтру, што ў мікрараёне «Маладзёжны», паставілі «раскладушку» з праграмай. Таксама каля ГЦ «Бярозкі» стаіць вялікая тумба, на якой з трох бакоў змешчаны агітацыйныя матэрыялы за Змітровіча. Каля гэтых самых «Бярозак», пачынаючы з 23 жніўня, штодня раздаюць улёткі за Галіну Філіповіч.

Агітацыйная прадукцыя кандыдата ў дэпутаты па Светлагорскай акрузе Анатоля Змітровіча.

Агітацыйная прадукцыя кандыдата ў дэпутаты па Светлагорскай акрузе Анатоля Змітровіча.

Па словах Алены Маслюковай, іншыя кандыдаты візуальна сябе яшчэ ў агітацыйнай кампаніі не праявілі.

Праўладная кандыдатка мае на спецыяльным рахунку 7244,5 рублёў. Яшчэ ў двух кандыдатаў няма нічога на рахунках, і яшчэ ў двух – 835 і 63 рублі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары