Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На якія сродкі зроблена агітпрадукцыя кандыдата Расохі -- Мазырская акруговая камісія не адказала

Праваабаронца Уладзімір Целяпун.
Праваабаронца Уладзімір Целяпун.

Назіральнік у акруговай камісіі Мазырскай выбарчай акругі №42Уладзімір Целяпун звяртаўся ў АВК і пракуратуру з просьбай праверыць законнасць з’яўлення агітацыйнай прадукцыі кандыдата ў дэпутаты, дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Мікалая Расохі.

Назіральнік указваў, што 18 жніўня на сайце Мазырскага райвыканкама ў банеры «Выбары-2016» з’явілася інфармацыя акруговай выбарчай камісіі аб паступленні і расходаванні грашовых сродкаў з асабістага рахунку кандыдата Расохі М.Ф., дзе казалася аб паступленні на рахунак 870 рублёў. Грашовыя сродкі, адзначалася, не патрачаныя. Гэтая ж інфармацыя была надрукавана ў газеце «Жыццё Палесся» 20 жніўня. І тым не менш, ужо 15 жніўня Мазырскай раённай арганізацыяй прафсаюзаў быў праведзены пікет, на якім раздаваліся друкаваныя агітацыйныя матэрыялы у падтрымку згаданага кандыдата, што зафіксавана відэасюжэтам «Тэлеканала «Мазыр».

Як дадзеная сітуацыя – агітацыйная прадукцыя зроблена і распаўсюджваецца, а грашовыя сродкі з выбарчага рахунка кандыдата не патрачаныя – адпавядае патрабаванням арт. Арт. 48, 481, ч.6 арт. 49 Выбарчага кодэксу -- такія пытанні ставіў у сваіх заявах у акруговую камісію і пракуратуру Уладзімір Целяпун.

Акруговая камісія 23 жніўня адказала назіральніку, што кандыдат Расоха быў зарэгістраваны 10 жніўня, а рахунак адчыніў 11 жніўня. Дамова аб вырабе паліграфічнай прадукцыі заключана ім з паліграфічным прадпрыемствам 15 жніўня на падставе гарантыйнага пісьма, а заказ выкананы 15 жніўня, у той жа дзень. «Парушэнняў заканадаўства не маецца», - адказала назіральніку акруговая камісія.

Пракуратура ж не стала разглядаць заяву Уладзіміра Целепуна, а перанакіравала яе ў акруговую камісію, адкуль ужо 25 жніўня назіральнік атрымаў адказ, абсалютна ідэнтычны першаму, адрозненне было толькі ў датах. «Пракуратуры скінула свае функцыі нагляду за выкананнем законаў. Таму і адказы на заявы аднолькавыя», - пракаментаваў назіральнік.

Не атрымаўшы адказу па сутнасці пытання (на якія сродкі была зроблена агітпрадукцыя кандыдата?) Уладзімір Целяпун 27 жніўня накіраваў яшчэ адну заяву ў акруговую камісію, дзе прасіў забяспечыць выкананне ч.2 арт. 49-1 ВК (заяўнік можы быць азнаёмлены з матэряламі па разгляду яго зварота). Таксама назіральнік просіць даць пісьмовае тлумачэнне: у якім выпадку звароты грамадзян, выбаршчыкаў у акруговую выбарчую камісію не разглядаюцца калегіяльна на паседжанні камісіі. Такое пытанне звязана з тым, што на свае звароты Уладзімір Целяпун атрымліваў адказы за подпісам старшыні камісіі, але паколькі назіральнік на паседжанні камісіі не запрашаўся, то атрымліваецца, што рашэнні па ягоных зваротах прымаліся адзінааобна, а не камісіяй.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары