Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Эстафету нападаў пенсіянерак на агітацыйныя пікеты ад Хойнікаў прыняў Лоеў

Хойнікі. Канфлікт на агітацыйным пікеце кандыдата А. Атрошчанкі. Фота -- выкадроўка з відэа К. Жукоўскага, размешчанага ў ФБ.
Хойнікі. Канфлікт на агітацыйным пікеце кандыдата А. Атрошчанкі. Фота -- выкадроўка з відэа К. Жукоўскага, размешчанага ў ФБ.

Кандыдат у дэпутаты па Хойніцкай акрузе №47, сябра АГП, журналіст-фрылансер Аляксей Атрошчанка праводзіць агітацыйную кампанію ў шэрагу райцэнтраў – Лоеве, Хойніках, Брагіне. Нагадаем, у Хойніках на пікет напала з крыкамі «Падонкі!» пенсіянерка, якая для эмацыйнага эфекту задрала спадніцу і прадэманстравала на камеру майткі. Не абышоўся без прыгоды агітацыйны пікет у Лоеве – на давераную асобу кандыдата, журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага напала жанчына, якая спрабавала выхапіць у яго мегафон, а затым нанесла яму некалькі удараў кулакамі ў спіну. Аляксей Атрошчанка не выключае, што напад быў правакацыяй з боку мясцовай улады і міліцыі. «Выклікалі міліцыю, спрабавалі самі затрымаць жанчыну. Але міліцыя праехала паўз нас, праігнараваўшы. Услед за міліцэйскай міліцыяй пад’ехаў белы «Мерсэдэс», які хутка «эвакуяваў» жанчыну з месца здарэння. Затым прыйшоў участковы, пачалося разбіральніцтва, потым прыехалі крыміналісты і прадстаўнік Следчага камітэту. Фактычна наш пікет быў сарваны, прычым супрацоўнікамі міліцыі. Бо ўчастковы не адходзіў ад нас, і з-за гэтага людзі баяліся падыходзіць да пікету», -пракаментаваў Атрошчанка.

Потым усё ж участковы адышоў, і фрылансеры на відэакамеру зафіксавалі, як да яго падышла тая ж жанчына, якая пазвала міліцыянера, і размаўляла з ім. Жанчына і ўчастковы разам сышлі. Незразумела – ці затрымалі ўрэшце жанчыну-хуліганку, ці міліцыянер з ёй проста прагульваўся. Усе гэтыя дзеянні каманда кандыдата зафіксавала на відэакамеру.

Аляксей Атрошчанка накіраваў скаргу ў абласную выбарчую камісію і УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Тым часам раённыя газеты «Хойніцкія навіны» і «Лоеўскі край» адмовіліся друкаваць праграму кандыдата, матывуючы гэта тым, што тэксты прыйшлі па электроннай пошце, а не былі прынесеныя ў рэдакцыі самім кандыдатам. Аляксей Атрошчанка лічыць гэта парушэннем яго правоў. Таксама і заява на пікет, якую кандыдат накіраваў па электроннай пошце ў Лоеўскі райвыканкам з паведамленнем аб правядзенні пікету, недзе «згубілася».

У Лоеве, магчыма, да кандыдата і яго давераных асоб міліцыя ставіцца з асаблівай увагай. Менавіта Кастуся Жукоўскага ў чэрвені затрымлівалі супрацоўнікі Лоеўскага РАУС з прымяненнем фізічнай сілы, а потым яго ж абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Затым фрылансер з калегамі знайшлі ў райцэнтры шэраг людзей, якія пацярпелі ад бязмежжа мясцовай міліцыі, і знялі пра гэта відэа.

Варта дадаць, што каманда кандыдата падыходзіць творча да агітацыі. На пікеце ў цэнтры Лоева давераныя асобы кандыдата чыталі верш Карнея Чукоўскага пра вусатага прусака, якога ўсе баяцца, дадаткова тлумачачы экзэстэнцыяльны сэнс паэтычнага твору і яго прывязку да беларускіх палітычных рэалій.

Вечарам 25 жніўня Аляксей Атрошчанка з камандай зладзілі ў Лоеве «бясплатнае кіно» – гледачам быў прапанаваны для прагляду сюжэт пра бязмежжа лоеўскай міліцыі, а таксама запісы з камеры відэаназірання ў мясцовым РАУС, якія зафікасавалі збіццё журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Відэа дэманстравалася на імправізаваным экране – белай сцяне дому ў цэнтры Лоева. Удзельнікамі кінасеансу сталі як аўтамабілісты, так і мінакі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары