Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: тэледэбаты – магчымасць задаць нязручныя пытанні

Вечарам 26 жніўня на тэлеканале "Беларусь-3" можна было ўбачыць тэледэбаты з удзелам кандыдатаў па Ленінскай і Сельскай выбарчых акругах.

Найбольш "гарачымі" дэбаты атрымаліся паміж кандыдатамі па Сельскай акрузе, у іх удзельнічалі гендырэктар "Бабушкиной крынки" Ігар Кананчук, старшыня Глушанскага сельсавету Марыя Сушчанка і індывідуальны прадпрымальнік, сябра кампаніі "Гавары праўду" Андрусь Архіпенка.

Марыя Сушчанка і Андрусь Архіпенка пачалі задаваць нязручныя пытанні Ігару Кананчуку, і па яго рэакцыі можна было зразумець, што ён не быў да гэтага гатовы.

Марыя Сушчанка пацікавілася ў гендырэктара "крынкі", ці выканае ён свае перадвыбарчыя абяцанні, калі пераможа. І адзначыла, што яго давераная асоба, і па сумяшчальніцтву дзеючы дэпутат ПП НС Анатоль Глаз, абмежаваўся толькі "піяр-кампаніяй".

Андрусь Архіпенка нагадаў Кананчуку пра інцыдэнт на яго прадпрыемстве, звязаны са збіццём цяжарнай супрацоўніцы,  http://spring96.org/be/news/49817 а таксама пра ціск на працоўных падчас прэзідэнцкіх выбараў, парушэнні працоўнага заканадаўства.

-Калі б мной былі зроблены тыя парушэнні, пра якія вы кажаце, я бы даўно сядзеў у турме, а я на сённяшні дзень на свабодзе, і паспяхова працую на квітнеючым прадпрыемстве", - заявіў Кананчук, і дадаў, што "так, былі трошачку перавышаныя паўнамоцтвы, за гэта я быў пакараны штрафам, таму на сённяшні дзень я  не бачу ў гэтым праблем і пытанняў". "Без гэтага не было б сёння прадпрыемства", - дадаў гендырэктар "Бабушкиной крынки".

Дэбаты кандыдатаў па Ленінскай акрузе прайшлі больш спакойна. Святлана Грыцэнка, сябра "Справядлівага свету" таксама, як і Таісія Кабанчук (БХД) ва ўсіх сваіх выступах, заклікала бабруйчан да ўдзелу ў незалежным назіранні.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

http://elections2016.spring96.org/


Каментары